Прэзідэнт канфедэрацыі аднаўляльных крыніцаў энергіі ў Літве: Сонца і біяпаліва ўратуюць Беларусь


Марцінас Нагявічус распавёў «Белсату» пра энергетычную палітыку Літвы і новыя крыніцы энергіі для нашай краіны.

23% усёй энергіі ў Літве паходзіць з аднаўляльных крыніцаў энергіі. Наколькі вялікая гэтая лічба ў параўнанні з еўрапейскімі паказнікамі?

– Сярэдні еўрапейскі паказнік – 15 %. Такую долю мы мелі амаль дзесяць гадоў таму. Ён вырас на восем адсоткаў, гэта калі лічыць з усім: з транспартам, электрычнасцю, з ацяпленнем і прамысловым спажываннем.

– Літва развівае альтэрнатыўныя крыніцы энергіі ў тым ліку і з-за страху не адпавядаць стандартам ЕЗ. Ці азначае гэта, што звычайныя грамадзяне пакуль не ўсведамляюць, што гэта трэба ў першую чаргу ім самім?

– Не, тут гаворка больш пра палітыкаў. Усе палітыкі любяць гаварыць пра аднаўляльную энергетыку, але не схільныя рабіць болей, чым патрабуе Еўразвяз.

Чаму гэтак? Найперш таму, што, калі развіваюць аднаўляльныя крыніцы энергіі, падвышаецца занятасць, ствараюцца новыя працоўныя месцы. Усё гэта добра, але адначасова расце і цана на энергію.

Ніводны палітык не жадае, каб кошты на энергію падвышаліся падчас ягонага перабывання ва ўладзе.
Калі падыходзіць да канкрэтнага пытання «што рабіць?», рашэнні бываюць вельмі абмежаваныя.
80 % жыхароў падтрымліваюць развіццё аднаўляльнай энергетыкі. Гэта дастаткова шмат. Вядома, іх не пыталі, ці падтрымалі б яны рост цэнаў. Але трэба зразумець, што гэты рост акупіцца.

– Які від альтэрнатыўнай энергіі Вам падаецца найбольш перспектыўным для Літвы і ці падыходзіць ён для Беларусі?

– Найперш гэта карыстанне біямасаю: як для ацяплення, гэтак і ў выпрацоўванні электраэнергіі. Каля траціны тэрыторыі Літвы – гэта лясы. Шмат зямлі сельскагаспадарчага прызначэння, шмат сена, якое таксама можна скарыстаць у вытворчасці энергіі. Патэнцыял тут вышэйшы нават за патрэбы Літвы ў ацяпленні ды амаль ва ўсёй электраэнергіі.

Гаворачы пра Беларусь, там лясоў яшчэ болей, і цэнтралізаванае ацяпленне больш развітае ў вялікіх гарадах. Эфектыўнае выкарыстанне біяпаліва для выпрацоўвання цеплавой энергіі разам з электраэнергіяй адкрывае перад Беларуссю вялікія перспектывы.

Таксама Літва валодае перспектывамі ветраной энергетыкі. Калі развіваць наш марскі патэнцыял, можна выпрацаваць болей электрычнасці, чым уся Літва спажывае. У Беларусі, вядома, з ветрам іншая сітуацыя. А ў Літве ёсць патэнцыял рабіць танную электрычнасць. Бо менавіта ветракі вырабляюць самую танную энергію.

Калі глядзець у далейшай перспектыве, а тут сітуацыя ў Беларусі ды Літве вельмі падобная, – гэта сонечная энергетыка. Гэта від энергіі, што развіваецца найхутчэй па ўсім свеце. З

а апошнія пяць гадоў сабекошт сонечнай электрычнасці патаннеў у пяць разоў. Я перакананы, што да 2020 года гэтая энергія зойме першыя пазіцыі нават у такіх краінах, як Літва і Беларусь. Тым болей, што міжнародныя агенцтвы прагназуюць, што ў будучыні сонечная энергетыка будзе пераважнаю ўва ўсім свеце.

– Восенню ў Клайпедзе адкрыўся тэрмінал звадкаванага газу. Ці паўплывае ён на развіццё рынку аднаўляльнай энергетыкі?

– Калі мы павядзем сябе мудра, гэта не будзе мець ніякага ўплыву на аднаўляльную энергетыку. Бо гэта аб’ект, што запэўнівае энергетычную бяспеку. Пакуль што прыродны газ нам патрэбны, хоць яго спажыванне і зніжаецца.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары