Прэзідэнт Францыі мяркуе, што існуе рызыка вайны паміж Расеяй і Турцыяй


Франсуа Алянд падкрэсліў, што неабходна зрабіць усё магчымае, «каб пазбегнуць эскалацыі» канфлікту.

«Турцыя ўцягнутая ў канфлікт у Сірыі. Ёсць рызыка вайны з Расеяй, менавіта таму Рада Бяспекі ААН збіраецца сёння ўвечары», – заявіў кіраўнік Францыі ў эфіры французскай радыёстанцыі franceinter.fr.

Паводле французскага прэзідэнта, Расея павінна ўдзельнічаць у вырашэнні сірыйскага канфлікту.

«Я ездзіў у Маскву, каб сказаць прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну, што мы ўсе разам павінны працаваць дзеля дасягнення палітычнага пераходу… Але я не магу змірыцца з тым, што падчас перамоваў, наносяцца бомбавыя ўдары па мірнаму насельніцтву», – сказаў прэзідэнт Францыі.

19 лютага Рада Бяспекі ААН па ініцыятыве Масквы распачала закрытыя кансультацыі па сірыйскім канфлікце. Расея прапанавала абмеркаваць ініцыятыву Анкары, якая плануе распачаць наземную аперацыю ў Сірыі.

Паводле «The Financial Times», Турцыя збіраецца ўвесці абмежаваны кантынгент у Сірыю, каб стварыць на мяжы з гэтай краінай буферную зону глыбінёй у некалькі кіламетраў. Афіцыйны Дамаск заявіў, што будзе ўспрымаць такія дзеянні, як акт агрэсіі. Супраць такога плану выступаюць сірыйскія курды.

Нагадаем, што пра планы распачаць наземную аперацыю ў Сірыі на мінулым тыдні заявіла Саудаўская Аравія.

Паводле ТАСС, на закрытым паседжанні Рады Бяспекі ААН Расея прапанавала праект рэзалюцыі па сітуацыі на сірыйска-турэцкай мяжы. 20 лютага стала вядома, што чальцы Рады Бяспекі ААН не знайшлі кампраміс па праекце расейскай рэзалюцыі, дзе ўтрымліваецца патрабаванне спыніць дзеянні, якія падрываюць суверэнітэт Сірыі, паведаміў старшыня Рады бяспекі Рафаэль Рамірэс.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў