Прэзідэнт Еўрапейскай Федэрацыі Журналістаў звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі ў справе журналістаў-фрылансераў


Кіраўнік ЕРЖ Могенс Бліхер Б’ерэгард прапануе ўнесці ў беларускае заканадаўства змены, якія замацавалі б прававы статус журналістаў-фрылансераў. Пра гэта гаворыцца ў ягоным афіцыйным лісце на імя Аляксандра Лукашэнкі ад 26 лістапада, паведамляе baj.by.

«… на нашу думку, прымяненне да журналістаў указанага артыкула КаАП (2 арт. 22.9) прыводзіла да парушэння канстытуцыйнага права грамадзянаў на атрыманне, захоўванне i распаўсюд інфармацыі і негатыўна ўплывала на міжнародны імідж Рэспублікі Беларусь», – піша Могенс Бліхер Б’ерэгард.

«Раней журналісцкія арганізацыі, у прыватнасці, Беларуская асацыяцыя журналістаў, спрабавалі вырашыць гэтую сітуацыю, звяртаючыся ў дзяржаўныя органы, прычыненыя да прыцягнення да адказнасці журналістаў-фрылансераў. У прыватнасці, былі накіраваныя звароты ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Аднак вышэйпералічаныя органы не распачалі належных крокаў па вырашэнні сітуацыі.

З глыбокім задавальненнем мы даведаліся пра тое, што пасля таго, як Вы выказалі сваю думку па згаданай праблеме, прыцягненне журналістаў-фрылансераў да адміністрацыйнай адказнасці спынілася.

Выказваем надзею, што кіраўнічыя органы Беларусі і надалей будуць прытрымлівацца гэтай прагрэсіўнай тэндэнцыі. Для перадухілення падобных праблемаў у будучыні лічым магчымым прапанаваць унесці ў беларускае заканадаўства змены, якія замацавалі б прававы статус журналістаў-фрылансераў».

Разгледзець праблему, звязаную з дзейнасцю незалежных журналістаў, Лукашэнка паабяцаў 4 жніўня падчас сумеснай сустрэчы «Еўрарадыё», «Радыё Свабода» і парталу tut.by.

«Забараняць – гэта не мой прынцып. Я вывучу гэтую праблему. Што да гэтых штрафаў – таксама вывучым, людзі ж не багатыя, я разумею. Я вам абяцаю, што я разгледжу гэтае пытанне, таму што, мабыць, вы тут маеце рацыю», – падкрэсліў кіраўнік Беларусі.

Толькі сёлета адбылося 26 судоў над журналістамі-фрылансерамі. Агульная сума штрафаў за журналісцкую дзейнасць без акрэдытацыі, склала больш 147 млн. рублёў.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў