Прэзідэнт Чарнагорыі не прыедзе на Дзень Перамогі ў Маскву. Лукашэнка таксама?


Спіс тых, хто адмовіўся прыязджаць у Маскву 9 траўня, пашыраецца.

Раней МЗС Расеі паведамляў, што Філіп Вуяновіч пагадзіўся на ўдзел у парадзе. Аднак паводле прэс-службы лідара Чарнагорыі, у гэты дзень ён плануе быць у Падгорыцы.

У юбілейных мерапрыемствах, прысвечаных перамозе над фашызмам, адмовіліся браць удзел і шэраг іншых палітыкаў: прэзідэнты Малдовы, Фінляндыі, Польшчы, Славеніі, Славакіі, Балгарыі, ЗША, канцлер ФРГ Ангела Мэркель, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмэран, старшыня Еўрапейскага савета Дональд Туск, прэм’ер-міністр Швецыі.

Многія з іх аргументавалі сваю адмову агрэсіяй Расеі ва Украіне.

Адзіны еўрапейскі лідар, які пагадзіўся святкаваць перамогу над Гітлерам побач з Пуціным, – прэзідэнт Чэхіі Мілаш Земан. Сёння парламент вырашыць, ці ён паедзе ў Маскву за кошт падаткаплацельшчыка альбо заплаціць за выезд са сваёй кішэні. Па разліках, гэта 25 тысяч долараў.

Пакуль невядома ці будзе прысутнічаць на парадзе Аляксандр Лукашэнка.

Паводле прэс-сакратара кіраўніка Беларусі Наталлі Эйсмант, травень будзе насычаным месяцам для прэзідэнта і цяпер графік яшчэ фармуецца.

«Прапанова і запрашэнне нам паступілі. Але дакладна і афіцыйна пацвердзіць гэтую інфармацыю я не магу», – піша «Радыё Свабода».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў