Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Юрый Шульган вызвалены, пратакол адправілі на перагляд


Суд Ленінскага раёну Менску адправіў на перагляд адміністрацыйны пратакол у дачыненні да 38-гадовага беспрацоўнага Юрыя Шульгана, які прэтэндуе на пасаду прэзідэнта Беларусі.

Шульган быў затрыманы ўвечары 18 чэрвеня ў кватэры свайго сябра ў Ленінскім раёне Менску. Выйшаўшы сёння з будынку суда, ён сказаў БелаПАН, што міліцыянты «фактычна не выставілі ніякіх абвінавачванняў».

Раніцай 19 чэрвеня, па словах Шульгана, яго даставілі ў суд, дзе суддзя ўдакладніў яго пашпартныя дадзеныя і паведаміў, што складзены на яго адміністрацыйны пратакол будзе перагледжаны. У чым канкрэтна яго першапачаткова абвінавачвалі, Шульган так і не высветліў. З пратаколам ён не азнаёміўся, бо «быў шчаслівы, што яго так хутка вызвалілі».

Раней кіраўнік перадвыбарнага штаба Шульган Павел Канавальчык меркаваў, што прычынай затрымання маглі стаць нявыплачаныя штрафы па адміністрацыйных правапарушэннях, але сам Шульган так не думае.

Ён пацвердзіў, што мае вялікае колькасць нявыплачаных штрафаў, у тым ліку за распіванне спіртных напояў у грамадскім месцы і безбілетны праезд. Аднак, на думку Шульгана, калі б справа была ў нявыплачаных штрафах, то яго не адпусцілі б з суда, а пакаралі б адміністрацыйным арыштам, як гэта было каля года таму. Тады, сказаў беспрацоўны, за нявыплату шматлікіх штрафаў яго асудзілі на 10 содняў арышту.

Затрыманне Шульган звязвае са сваёй грамадскай актыўнасцю і намерам удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах.

МЯ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары