Прэс-цэнтр АТА: Колькасць абстрэлаў на Данбасе рэзка вырасла, быў штурм


Інтэнсіўнасць абстрэлаў уздоўж усёй лініі фронту з боку прарасейскіх сепаратыстаў рэзка вырасла, а каля Паўлапалю быў штурм, паведамляе ў сераду раніцай прэс-цэнтр штабу Антытэрарыстычнай аперацыі.

«Сітуацыя ў раёне правядзення АТА застаецца напружанай, колькасць выпадкаў адкрыцця агню за мінулыя содні павялічылася, а з 18:00 інтэнсіўнасць абстрэлаў па ўсёй лініі размежавання рэзка ўзрасла», – гаворыцца ў паведамленні.

Усяго ў прэс-цэнтры АТА зафіксавалі 58 абстрэлаў, большасць – на марыупальскім і данецкім напрамках.

Адзначаецца, што абстрэлы вяліся ў тым ліку і з танкаў, цяжкіх мінамётаў, а таксама самаходных артылерыйскіх установак калібру 122 мм і гармат калібру 152 мм.

«На марыупальскім кірунку горача было недалёка Паўлапалю, дзе праціўнік вёў агонь з мінамётаў, самаходных артылерыйскіх установак калібру 122 мм, вёў штурмавыя дзеянні, а ў раёне Краснагораўкі каля 22:00 двойчы па нашых умацаваннях спрабаваў трапіць танк», – дадаюць у прэс-цэнтры АТА.

Раней украінскія медыі і валанцёрскі фонд «Вярніся жывым» паведамілі пра тое, што ў выніку бою з дыверсійна-выведкавай групай сепаратыстаў пад Паўлапалем загінулі два ўкраінскія байцы 56-й брыгады. Афіцыйнага пацверджання гэтых страт не паступала.

Глядзіце яшчэ >>> Менскія дамовы ў дзеянні: за ноч 4 загінулых, 8 параненых ваяроў за Украіну на Данбасе

У самаабвешчанай «ДНР» вінавацяць украінскую армію ў абстрэлах некалькіх селішчаў Новаазоўскага раёну, падкантрольных сепаратыстам. Паводле іхных звестак, агонь вёўся з цяжкага ўзбраення з-пад таго ж Паўлапалю.

Сепаратысты сцвярджаюць, што сілы АТА ўмацоўваюць свае пазіцыі ў Горлаўцы пад прыкрыццём рамонтных работ на дамбе аднаго з заводаў.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў