Прэс-сакратар польскага ўраду пра «Белсат»: Цягам месяца ніякіх зменаў, а потым – «новая формула»


Прэс-сакратар польскага ўраду распавёў пра сустрэчу прэмʼер-міністра Бэаты Шыдла з дырэктаркаю «Белсату» Агнешкаю Рамашэўскаю-Гузы.

«Цягам бліжэйшага месяца не будзе ніякіх зменаў адносна тэлеканалу «Белсат». За гэты час будзе распрацаваная новая кампрамісная формула тэлебачання», – паведаміў Рафал Бахэнэк (на фота).

Прэс-сакратар польскага ўраду таксама падкрэсліў, што міністр замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі «ніколі не збіраўся ліквідоўваць гэтага каналу».

«Спадарыня прэмʼер упэўненая, што пры наяўнасці добрай волі кожнага з бакоў атрымаецца стварыць умовы для працы тэлебачання, якія будуць прымальныя для ўсіх, беручы пад увагу інтарэсы гледачоў «Белсату», – зазначыў спадар Бахэнэк.

МЗС Польшчы планавала скараціць бюджэт «Белсату» больш як на дзве траціны – з 17 да 5 мільёнаў злотых, паведаміла раней дырэктарка «Белсату».

«Думаю, што вы разам са мною будзеце задаволеныя тою інфармацыяй, якою я хачу падзяліцца: спадарыня прэмʼер [кіраўніца польскага ўраду Бэата Шыдла. – belsat.eu] запэўніла мяне, што «Белсату» нічога не пагражае. Цягам бліжэйшага месяца будзем вызначаць з МЗС далейшыя прынцыпы супрацы», – паведаміла 5 студзеня Агнешка Рамашэўская-Гузы пасля сустрэчы з кіраўніцаю польскага ўраду.

Менскі суд за падтрыманне «Белсату» аштрафаваў актывістаў на вялікія сумы

ЮВcez, belsat.eu/pl, паводле РАР

Глядзі таксама
Каментары