«Прэс фота Беларусі-2015». Гран-пры ў Максіма Сарычава


Фотажурналісты з Беларусі, Украіны, Літвы ды Расеі сталі пераможцамі конкурсу «Прэс-фота Беларусі–2015».

Выстава і цырымонія ўзнагароджання адбылася 16 красавіка ў менскай галерэі TUT.BY.

Гран-пры «Прэс-фота 2015» дастаўся Максіму Сарычаву за серыю фатаграфій «598 скрадзеных дзён». Праект распавядае пра затрыманых падчас Чэмпіянату свету па хакеі 2014 года ў Беларусі.

Найбольшую колькасць прызоў у розных намінацыях атрымалі працы вядомых беларускіх фатографаў Сяргея Балая, Аляксандра Васюковіча, Уладзя Грыдзіна, Дзяніса Дзюбы, Яўгена Ерчака.

Сёлета заяўкі на ўдзел падалі 137 аўтараў, якія прадставілі журы больш за 2 тысячы працаў.

Поўны спіс праектаў-прызёраў можна паглядзець на сайце «Прэс-фота Беларусі».

Незалежны конкурс існуе з 2009 года і з кожным годам становіцца ўсё больш папулярным. Выставы пераможцаў праходзяць у іншых краінах. За гэты час ягоныя арганізатары не аднойчы зазналі пераслед з боку ўладаў. У лістападзе 2012 года на беларуска-літоўскай мяжы ў Юліі Дарашкевіч і Аляксандра Васюковіча сканфіскавалі 41 асобнік «Прэс-фота 2011». Пасля экспертнай камісіі Ашмянскі раённы суд прызнаў некаторыя здымкі экстрэмісцкімі і загадаў знішчыць альбомы.

Праз скандальны альбом у 2013 годзе быў пазбаўлены ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць Ігар Логвінаў.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў