Прэм'ера песні, якую Андрусь Такінданг напісаў на Данбасе


Падчас здымак «Белсатам» рэпартажу пра пленэр беларускіх мастакоў у Песках музыка, уражаны тым, што пабачыў у месце баявых дзеянняў, напісаў песню.

Неўзабаве ў эфіры «Белсату» адбудзецца прэмʼера рэпартажу Антося Цялежнікава «Пэндзлі замест аўтаматаў». Ён прысвечаны пленэру, які беларускія мастакі правялі ў Песках пад Данецкам.

Пленэр адбываўся летась у лістападзе. Рэжысёр Антось Цялежнікаў распавёў пра тое, як праходзілі здымкі рэпартажу.

Беларускія мастакі правялі пленэр на ўкраінска-расейскім фронце

«Твор Андруся Такінданга «Страляюць» паўстаў фактычна на працягу пленэру, у апошні дзень перад выездам Андрусь Такіданг паклікаў мяне і праспяваў першы куплет песні. Андрусь як творца быў вельмі ўражаны пабачаным у так званай зоне АТА ва Украіне. Свае перажыванні і пачуцці ён перадаў у гэтай песні, якая сталася музычным трэкам для майго рэпартажу», – кажа рэжысёр пра песню Андруся Такінданга.

Таксама Антось Цялежнікаў распавядае пра ўкраінскага мастака, які далучыўся ў Песках да беларускіх творцаў:

«Тарас Носар карэнны данечанін, нарадзіўся там, выкладаў у мастацкіх школах па-украінску, калі туды прыйшла вайна, вымушаны быў зʼехаць і знайсці сабе прытулак у Львове. У Данецку засталася майстэрня і большасць працаў, цяпер у гэтым памяшканні фонд дапамогі «Наваросіі». Для спадара Тараса гэта быў вельмі асабісты пленэр, ён з асаблівым смуткам маляваў краявіды з разбуранымі дамамі на яго роднай зямлі, а на даляглядзе – свой Данецк, які так блізка, і так далёка за лініяй фронту.

Паехаць на пленэр – гэта быў, вядома, адважны чын з разуменнем пагрозы для жыцця, і тое, што адважылася паехаць столькі беларускіх мастакоў, шмат значыць.

Ідэяй пленэру было ўшанаванне загінулых хлопцаў з Тактычнай групы «Беларусь» Алеся Чаркашына і Віталя Целяжэнкі, а таксама іншых абаронцаў суверэнітэту Украіны. Гэта было творчае пераасэнсаванне таго, што цяпер адбываецца ва ўкраінскім Данбасе. Мастакі на ўласныя вочы пабачылі, у якіх умовах жывуць і дзейнічаюць украінскія добраахвотнікі. Пабывалі на лініі фронту ў Песках, у месцах, дзе жылі хлопцы з Тактычнай групы «Беларусь», дзе пісаў свае песні Алесь Чаркашын, дзе паранены снарадамі і кулямі кожны кавалак зямлі і будынкаў. Вынікам сталася каля 50 палотнаў што напісалі шэсць беларускіх і адзін украінскі мастак. Гэтыя працы прэзентавалі ў амбасадзе Украіны ў Менску».

Глядзіце рэпартаж «Пэндзлі замест аўтаматаў» у эфіры «Белсату» 1-га сакавіка а 21:40.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў