Прэм’ера на «Белсаце»: беларусы ў Афрыцы ствараюць праграму, якая заменіць школьнага настаўніка


[vc_row][vc_column][vc_raw_html]JTNDaWZyYW1lJTIwd2lkdGglM0QlMjI0ODAlMjIlMjBoZWlnaHQlM0QlMjIyNzAlMjIlMjBzcmMlM0QlMjJodHRwcyUzQSUyRiUyRnd3dy55b3V0dWJlLmNvbSUyRmVtYmVkJTJGVm9JbEJGUlV6RVUlMjIlMjBmcmFtZWJvcmRlciUzRCUyMjAlMjIlMjBhbGxvd2Z1bGxzY3JlZW4lM0UlM0MlMkZpZnJhbWUlM0U=[/vc_raw_html][vc_column_text]Беларускія праграмісты паехалі ў Афрыку, каб даследаваць праблему непісьменнасці ды стварыць электронны падручнік, які з дапамогаю гульняў навучыць дзяцей мовам без дапамогі настаўнікаў і без доступу ў інтэрнэт. Пра гэта – наш рэпартаж «Экспедыцыя “Nalanga”».

У выніку паўстае мабільнае прыкладанне Nalanga для планшэту, якое мае шанец атрымаць узнагароду ад $ 1 млн да $ 10 млн у міжнародным конкурсе Global Learning XPRIZE. Такія ж прадукты паралельна ствараюць каманды з усяго свету. Абраць найлепшае прыкладанне – і ёсць мэта конкурсу. Першымі мовамі ў «падручніку» стануць ангельская і суахілі.

Каб зрабіць падручнік больш зручным для афрыканскіх дзяцей, два ўдзельнікі беларускай каманды распрацоўнікаў Аляксей Кручанок і Сяргей Няхайчык за свае грошы паехалі ў Танзанію, дзе размаўляюць на суахілі. Там яны хацелі ўбачыць, у якіх умовах жыве, вучыцца ды бавіцца мясцовая дзятва, што яе цікавіць, хто ходзіць у школу, а хто – не, колькі каштуе адукацыя. А таксама паразмаўляць з бацькамі ды настаўнікамі.

Масаяў здымалі схаванаю камерай

Цягам трох тыдняў беларусы пабывалі ў розных кутках краіны і ўсе свае прыгоды знялі на відэа. Здаралася, як падчас знаёмства з племем масаяў, што і на схаваную камеру. (Масаяў хлопцы распытвалі, чаму тыя не высылаюць дзяцей у школу.) Рэжысёрцы Кацярыне Маркавец прыйшла ідэя зрабіць з выкарыстаннем падарожных запісаў тэлерэпартаж «Экспедыцыя “Nalanga”» (відэа вышэй). У інтэрвю «Белсату» яна адзначыла, што Афрыкаю пачала цікавіцца пасля таго, як паглядзела на нашым тэлеканале ў цыкле «Без рэтушы» рэпартаж Арцёма Лобача «Афрыканскае даміно».

Аляксей Кручанок, фота Сяргея Няхайчыка

Аляксей Кручанок распавёў «Белсату», што ў Афрыцы яны зразумелі: цэнтрам адукацыі там павінна быць сям’я або вёска:

«Да школы часцяком трэба дабірацца 10 км па вельмі кепскай дарозе. У класе – ад 70 да 100 вучняў. У настаўніка няма магчымасці заняцца кожным індывідуальна».

Таму электронны падручнік павінен сам ацаніць узровень ведаў вучня і ў залежнасці ад гэтага абраць для яго заданні.

«Мы па сутнасці робім платформу, якая дазволіць ператварыць педагагічную практыку ў гульнявую механіку. Такую, каб ёй без дапамогі праграмістаў маглі кіраваць настаўнікі ды бацькі. Якая не проста выстаўляе адзнаку «3», а дае магчымасць раскласці гэтую адзнаку на элементы, выкарыстоўваючы метады статыстыкі і моднага цяпер машыннага навучання», – тлумачыць Аляксей.

Падручнік не толькі на суахілі, але і па-беларуску

Дарэчы, хлопцы ўжо вядуць перамовы са школамі Менскага раёну, каб укараніць распрацоўку для навучання беларускай ды ангельскай мовам і матэматыцы. Ім дапамагаюць партнёры з інкубатару Парку высокіх тэхналогіяў і Рэспубліканскага інстытуту вышэйшай школы, за што праграмісты ім вельмі ўдзячныя.

Аляксей кажа, што калі яны з калегам ехалі ў Танзанію, то баяліся нападаў і грабяжоў. А ўбачылі краіну вельмі чыстую, у якой жывуць бедныя і вельмі прыязныя людзі. Ну проста як у Беларусі. Між іншым, беларускі ўрад улетку зандаваў глебу, каб прадаваць у Танзанію трактары, малочныя прадукты, дзіцячае харчаванне ды лекі.

Фота Сяргея Няхайчыка

Пераможца атрымае $ 10 млн

Конкурс Global Learning XPRIZE праводзіць некамерцыйны фонд X-Prize, які падтрымлівае рэвалюцыйныя інавацыі, якія паляпшаюць якасць жыцця ў розных кутках свету. Фонд існуе за грошы прыватных ахвярадаўцаў і карпарацыяў. У раду яго папячыцеляў уваходзяць такія вядомыя людзі, як Джэймс Кэмеран.

Пяць паўфіналістаў атрымліваюць $ 1 млн, а пераможца – $ 10 млн. Прататып падручніка трэба прадставіць у студзені 2017 года.

Інга Астраўцова, belsat.eu

Стужка навінаў