Прэмʼер Вялікай Брытаніі на саміце «Вялікай дваццаткі» размаўляла з Пуціным пра дыялог


Тэрэза Мэй і Уладзімір Пуцін. Фота tass.ru

Прэмʼер-міністр Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй правяла перамовы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным у Кітаі на саміце «Вялікай дваццаткі».

У пачатку сустрэчы Мэй сказала, што, хоць паміж Расеяй і Вялікай Брытаніяй існуе шэраг рознагалоссяў, яна спадзяецца на адкрыты дыялог з Масквой.

«Хоць я і прызнаю, што паміж намі ёсць пэўныя рознагалоссі, нам варта абмеркаваць шэраг складаных і сурʼёзных праблемных пытанняў. Я спадзяюся на адкрыты абмен меркаваннямі і адкрытыя ўзаемаадносіны і дыялог», – сказала брытанскі прэмʼер-міністр.

Са свайго боку, прэзідэнт Пуцін, кажучы аб рашэнні брытанцаў выйсці з Еўразвязу, сказаў, што «для ўсіх зразумела», што перад брытанскім прэмʼерам і ейнай камандай стаяць складаныя задачы.

«Мы жадаем вам поспехаў і спадзяемся, што нам удасца вывесці нашы двухбаковыя адносіны на больш высокі ўзровень, чым яны знаходзяцца на сённяшні дзень», – дадаў прэзідэнт.

Лондан займае бескампрамісную пазіцыю ў адносінах да Расеі ў сувязі з анексіяй Крыму і крызісам на ўсходзе Украіны. Брытанію называюць адным з галоўных ініцыятараў увядзення санкцыяў Еўразвязу ў дачыненні да Расеі праз палітыку Масквы ва Украіне.

Глядзіце яшчэ >>> Дысідэнт Уладзімір Букоўскі: За падтрыманне Гарбачовым анексіі Крыму трэба адабраць у яго Нобэлеўскую прэмію міру

Адносіны паміж Брытаніяй і Расеяй ускладніліся пасля забойства ў Лондане былога прадстаўніка расейскіх спецслужбаў Аляксандра Літвіненкі.

Брытанскі суддзя Роберт Оўэн па выніках грамадскага дазнання ў студзені 2016 года заявіў, што Уладзімір Пуцін, верагодна, ухваліў забойства Аляксандра Літвіненкі.

Па словах Оўэна, Аляксей Лугавы і Дзмітрый Коўтун, якія дзейнічалі на ўказанне ФСБ, атруцілі Літвіненку радыеактыўным палоніем-210. Расейскія ўлады адмаўляюць, што яны маюць дачыненне да забойства Літвіненкі.

Да сустрэчы з Уладзімірам Пуціным Тэрэза Мэй правяла перамовы з прэзідэнтам ЗША Баракам Оўбамам.

Оўбама адзначыў, што ЗША скептычна ставяцца да магчымасці заключэння пагаднення з Расеяй у пытанні спынення вайны ў Сірыі.

Паводле яго слоў, паміж ЗША і Расеяй застаюцца сурʼёзныя рознагалоссі аб тым, якія крокі варта пачаць для завяршэння грамадзянскай вайны ў Сірыі, і пра тое, па менавіта якіх пазіцыях сірыйскіх груповак Расея і ЗША мусяць наносіць удары.

Але, па словах амерыканскага прэзідэнта, трэба працягваць спробы дасягнення дамоўленасцяў, і прадстаўнікі абедзвюх краін працуюць над гэтым практычна кругласутачна.

МЯ, паводле bbc.com

Глядзі таксама
Каментары