Прэм'ер Славакіі гатовы сысці ў адстаўку праз забойства журналіста Яна Куцяка


Прэм’ер-міністр Славакіі Роберт Фіцо заявіў, што гатовы сысці ў адстаўку праз палітычны крызіс, які ўзнік пасля забойства журналіста Яна Куцяка і яго нявесты.

Пра гэта Фіцо абвясціў на прэс-канферэнцыі ў Браціславе, паведамляе Aktuality.

Аднак ён паставіў тры ўмовы сваёй адстаўкі: пасада прэмʼер-міністра павінна застацца за партыяй Smer, якую ўзначальвае Фіцо, прэзідэнт абяцае паважаць кааліцыйнае пагадненне і паважаць вынікі выбараў 2016 года.

На прэс-канферэнцыі таксама прысутнічалі лідары яшчэ двух кааліцыйных партый – Андрэй Данко са Славацкай нацыянальнай партыі (SNS) і Бэла Бугар з партыі Most-Hid. Яны падтрымалі заяву Фіцо.

Пытанне адстаўкі кіраўніка ўрада Славакіі канчаткова вырашыцца цягам 15 сакавіка.

Раней паведамлялася, што парламент Славакіі 19 сакавіка правядзе галасаванне аб вотуме недаверу ўраду Роберта Фіцо.

Нагадаем, раней у Славакіі дзясяткі тысяч чалавек выйшлі на вуліцы гарадоў праз забойства журналіста-расследвальніка Яна Куцяка. 25 лютага Куцяк са сваёй нявестай былі застрэленыя. Сярод іншага, журналіст даследваў сувязі італьянскай мафіі са славацкімі палітыкамі.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў