Прэм'ер Румас заявіў, што ў Беларусі занадта вялікі ўрад. Якія міністэрствы лішнія?


Сяргей Румас выступіў з ініцыятывай перафарматавання ўраду, адзначыўшы, што міністраў у Беларусі зашмат. Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся разгледзіць ініцыятыву Румаса.

«Я папрасіў у кіраўніка дзяржавы яшчэ час, каб глыбей зразумець гэтую сітуацыю. У мяне ёсць пэўныя погляды, якая структура павінна быць ва ўрадзе. У нас 36 чальцоў ураду. Напэўна, гэта для маленькай кампактнай краіны вельмі вялікая колькасць. Але разам з тым кіраўнік дзяржавы сказаў узяць час і параіцца з калегамі і прапановы па структуры ўрада прадставіць пазней», – сказаў Сяргей Румас журналістам пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, паведамляе БелТА.

Як мусіць выглядаць перафарматаванне ўраду і якія чальцы савету міністраў, на думку прэм’ера, лішнія – Румас у размове з журналістамі не ўдакладніў.

Былы міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Сасноў лічыць, што праблема не ў колькасці міністраў, а ў тых функцыях, якія выконваюць міністры і міністэрствы.

«Калі функцыяў шмат, то тады сапраўды трэба шмат міністэрстваў. Калі дзяржаўных функцыяў мала, то, вядома, столькі міністраў не трэба. А я пакуль не бачу, каб у Беларусі адбывалася скарачэнне нейкіх дзяржаўных функцыяў, шмат з якіх, на мой погляд, абсалютна непатрэбныя», – адзначыў Сасноў у інтэрвʼю belsat.eu.

З пункту гледжання Саснова, у сённяшнім выглядзе, напрыклад, непатрэбнае міністэрства адукацыі, міністэрства інфармацыі, міністэрства прамысловасці, міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і яшчэ шэраг ведамстваў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў