Прэм'ер-міністр Арменіі падаў у адстаўку


Прэм’ер-міністр Арменіі Сэрж Саргсьян падаў у адстаўку. Пра гэта паведамляецца на афіцыйнай старонцы ўраду краіны.

«Нікол Пашыньян меў рацыю. Я не меў рацыі. У гэтай сітуацыі некалькі рашэнняў, але ні на адно з іх я не пайду. Гэта не маё. Я пакідаю пост кіраўніка краіны, пасада прэм’ер-міністра», – заявіў Саргсьян.

Сёння былі вызваленыя лідар пратэстаў Нікол Пашыньян і дэпутат Арарат Мірзаян. 22 красавіка паліцыя ўжыла спецсродкі для разгону натоўпу дэманстрантаў у раёне Эрэбуні. Да пратэстоўцаў таксама далучыліся вайскоўцы.

«Гэтыя 24 гадзіны я быў у поўнай ізаляцыі. Мне патрэбна пара гадзінаў, каб абмеркаваць усё са сваімі паплечнікамі, заняцца пытаннямі вызвалення арыштаваных, а ў 17.30 пачнецца наш пераможны мітынг», – сказаў Пашыньян сваім прыхільнікам.

Пратэсты ў Арменіі пачаліся 13 красавіка. Людзі не хацелі бачыць на пасту прэм’ер-міністра Сэржа Саргсьяна, які раней 10 гадоў быў прэзідэнтам Арменіі.

Нагадаем, што 17 красавіка ў Арменіі адбыліся выбары прэм’ер-міністра. Раней 9 красавіка новаабраны прэзідэнт Арменіі Армэн Саркісян распусціў урад. Пасля завяршэння прэзідэнцкага тэрміну былога кіраўніка краіны ўступіў у сілу новы тэкст Канстытуцыі Арменіі, згодна з якім рэспубліка становіцца парламенцкай і ўлада будзе засяроджаная ў руках урада, а не прэзідэнта. Кіроўная кааліцыя высунула на пост прэмʼер-міністра Сэржа Саргсьяна, які з 2008 да 2018 года займаў пасаду прэзідэнта. Гэтае рашэнне сталася прычынаю пратэстаў. 17 красавіка Саргсьян быў абраны на пост прэмʼер-міністра.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў