Прэм'ер-міністарка Вялікай Брытаніі папярэдзіла Еўропу пра расейскую агрэсію


Прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі папярэдзіла Еўропу пра расейскую агрэсіюТэрэза Мэй заявіла, што Вялікая Брытанія будзе абараняць Еўропу і міжнародны парадак, а таксама не хоча вяртацца да халоднай вайны з Расеяй.

Пра гэта яна распавяла на банкеце лорд-мэра лонданскага Сіці, паведамляе Бі-бі-сі.

«Мы не хочам вяртацца да халоднай вайны ці знаходзіцца ў стане вечнага супрацьстаяння. І ў той час, як мы павінны быць пільныя, мы таксама хочам ўзаемадзейнічаць, і менавіта таму ў бліжэйшыя месяцы міністр замежных спраў [Барыс Джонсан] наведае Маскву», – заявіла Мэй.

Мэй адзначыла, што пагадненне, якога яна спрабуе дасягнуць у рамках Brexit, стане асновай брытанскай «сумеснай прыхільнасці адкрытых эканомік і свабодным таварыствам перад тварам тых, хто спрабуе іх падарваць. У першую чаргу, гэта, вядома, Расея».

Яна таксама раскрытыкавала сітуацыю з далучэннем Крыму да Расеі і абвінаваціла Маскву ўва «ўмяшанні ў выбары».

«Незаконная анексія Расіяй Крыма была першым выпадкам з моманту Другой сусветнай вайны, калі адна суверэнная дзяржава сілком забрала тэрыторыю іншай дзяржавы ў Еўропе. З таго моманту Расея падсілкоўвала канфлікт у Данбасе, неаднаразова парушала паветраную прастору некалькіх міжнародных дзяржаваў, арганізавала актыўную кампанію па кібершпіянажу і стварэнню расколу», – дадала яна.

Брытанскі прэмʼер таксама выказала меркаванне, што Расея «імкнецца выкарыстоўваць інфармацыю ў якасці зброі».

«… менавіта дзеянні Расеі пагражаюць міжнароднаму парадку, ад якога мы ўсе залежым».

Вашынгтон усцяж кажа пра кібератакі з боку Расеі ў хадзе апошніх прэзідэнцкіх выбараў. У жніўні 2016 года дырэктар ЦРУ Джон Брэнан паведаміў Беламу дому, што кібератакі праводзіліся па загадзе Уладзіміра Пуціна. Мэтай узлому ён назваў спробу перашкодзіць перамозе Гілары Клінтан на прэзідэнцкіх выбарах.

Масква гэтыя закіды аспрэчвае. У адказ Оўбама прыняў захады: персонамі нон-грата ў ЗША назвалі 35 расейскіх дыпламатаў і прыбліжаных да іх асобаў. ФБР і ЦРУ выказаліся адным голасам, што Расея праз кібератакі спрабавала не толькі паўплываць на выбары прэзідэнта, але і падарваць выбарчую сістэму ЗША.



ДР belsat.eu

Стужка навінаў