Прэм'ер Літвы: Для Менску экспартаваць нафтапрадукты праз Расею нявыгадна і небяспечна


Калі Расея прымусіць Беларусь экспартаваць нафтапрадукты праз яе чыгункі і парты, гэта можа быць эканамічна нявыгадна і небяспечна для Менску, заявіў прэмʼер-міністр Літвы Саўлюс Скверняліс, піша Delfi.lt.

«Напрамак грузаў па чыгунках Расеі праз парты Расеі для Беларусі можа быць і нявыгадна эканамічна, і небяспечна стратэгічна, калі мець на ўвазе што гэтыя (расейскія) парты замярзаюць і кліматычныя ўмовы там зусім іншыя. Гэта асабліва адчувальна, калі гаворка ідзе аб перавозцы нафтапрадуктаў», – у чацвер адзначыў кіраўнік урада Літвы ў інтэрвʼю радыёстанцыі Ziniu radijas, каментуючы заклікі прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, каб Беларусь перанакіравала патокі нафтапрадуктаў з краін Балтыі ў расейскія парты.

Скверняліс падкрэсліў, што разумее, што «ва ўсходніх дзяржавах палітычныя рашэнні нярэдка прымаюцца без уліку эканамічных інтарэсаў, таму літоўскія палітыкі таксама павінны праяўляць актыўнасць, каб беларускія грузы па-ранейшаму ішлі па літоўскіх чыгунках у Клайпедскі порт».

Нагадаем, раней прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін прапанаваў прапісваць для беларускіх НПЗ строгі абавязак выкарыстоўваць расейскую інфраструктуру для перавозкі нафтапрадуктаў.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў