Прэмʼер Кабякоў абараніў «беларускую» крэветку


Кіраўніку беларускага Ураду давялося апраўдвацца за пастаўкі «санкцыённай прадукцыі» ў Расею, у тым ліку за яблыкі і «беларускія» крэветкі і вустрыцы.

Сайт амбасады Беларусі ў Расеі апублікаваў стэнаграму інтэрвʼю з прэмʼер-міністрам Андрэем Кабяковым. Размову паказвалі па міждзяржаўным тэлеканале «Мир», што твяшчае па-расейску ў краінах СНД.

Кіраўнік беларускага ўраду пракаментаваў сітуацыю з рээкспартам у Расею «санкцыённых тавараў», у тым ліку тое, як Беларусь сталася «радзімаю крэветак». Паводле беларускага боку, Масква не мае аніякіх прычынаў, каб затрымліваць ці знішчаць такія харчы, бо пасля апрацоўкі на беларускіх прадпрыемствах тыя ж крэветкі становяцца таварам, на які можна прыклеіць знак «Зроблена ў Беларусі», а таму – «прэтэнзіі недарэчныя».

«Калі тыя ж крэветкі былі ў злоўленым выглядзе ўвезеныя ў Беларусь і прайшлі ачыстку, засолку і іншае ды змянілі свой код (таварнай наменклатуры – belsat.eu), значыць тавар адпаведным чынам з усімі захадамі эканамічнай палітыкі быў увезены на тэрыторыю Мытнага саюзу», – заявіў Кабякоў.

Андрэй Кабякоў таксама паспрабаваў патлумачыць, як Беларусь дае рады пастаўляць у Расею ў некалькі разоў больш яблыкаў, чымся вырошчвае. Сёлета Беларусь паставіла ў Расею каля 45 тысячаў тон яблык, вырашчаных у Беларусі і яшчэ каля 450 тысячаў тонаў – «у рэжыме рээкспарту».

«Але гэта ў рэжыме рээкспарту несанкцыйных краінаў, – падкрэсліў Кабякоў. – Калі ў »Россельхознадзора« потым узнікаюць праблемы, што хтосьці дакументы не дай Божа падрабіў, то, канешне, трэба забяспечыць крымінальны пераслед тых асобаў, што гэтым займаюцца. Паверце, большасць гэтых асобаў трэба шукаць не ў Беларусі, а там, дзе потым гэтыя прадукты спажываюць і прадаюць».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў