Праз пажар на ферме ва Уздзенскім раёне эвакуявалі 186 кароў


Задымленне зафіксавалі на малочна-таварнай ферме ў вёсцы Пырашава Уздзенскага раёну.

Пра ўзгаранне ратаўнікам паведаміў вартаўнік прадпрыемства. Ён разам з яшчэ аднім працаўніком фермы пакінулі месца да прыбыцця брыгады.

Падраздзяленне МНС устанавіла, што адкрытым полымем гарыць адзін з будынкаў прадпрыемства.

Ратаўнікі разам з прадстаўнікамі фермы эвакуявалі 186 галоў кароў. Пажар ліквідавалі, прычыны высвятляюцца. Разгляданая версія – парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання.

Агнём пашкоджаныя сцены і перакрыцце ў памяшканні, знішчаныя 2 электрычных помпы. Жывёліны, як і людзі, не пацярпелі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў