Праз новабуд развальваюцца дамы. Але казаць пра гэта ўлады забараняюць


Жыхары вуліцы Паплаўскага ў Берасці планавалі зладзіць пікет, каб звярнуць увагу на свае праблемы: праз пабудову транспартнай развязкі дамы ў ваколіцах пачынаюць літаральна развальвацца.

Belsat.eu пісаў пра праблемы жыхароў вуліцы. «У нас як пачалі забіваць палі, літаральна тыдзень таму, у 60-ці метрах ад майго дому і ў 30-ці метрах ад бліжэйшага да будоўлі дому, пайшлі расколіны па ўсім доме. У двух месцах раскалоўся фундамент, асабіста ў нас»,распавяла адна з жыхарак журналістам.

Людзі вырашылі зладзіць у цэнтры гораду пікет, але атрымалі адмову.

Пра забарону акцыі берасцейскі гарвыканкам нават не змог паведаміць законным чынам. «Адзін з заяўнікаў знайшоў ліст без капэрты з адказам з гарвыканкаму проста ў сваёй паштовай скрыні. Будзем абскарджваць такія дзеянні берасцейскай улады», – кажа праваабаронца Раман Кісляк.

Пасля таго, як пра праблемы жыхароў пачалі пісаць незалежныя СМІ, улады запрасілі зацікаўленых на сустрэчу ў гарвыканкам. Апынулася, што падобныя праблемы актуальныя яшчэ і для жыхароў вуліцы Межавой і Мічурына. Толькі публічна выказваць пратэст чыноўнікі забараняюць.

Гэта ўжо трэцяя забароненая цягам тыдню акцыя. 15 сакавіка ў Берасці не дазволілі пікет супраць ціску і рэпрэсіяў у дачыненні прафсаюзу РЭП, замест гэтага вызвалілі школьнікаў ад заняткаў пасярод тыдня і правялі спартыўнае арыентаванне. 17 сакавіка ўлады Берасця не дазволілі правядзенне мітынгу на плошчы Леніна супраць будоўлі акумулятарнага заводу, акцыя ўсе роўна адбылася 18 сакавіка і абышлася без затрыманняў.

Тым часам мясцовыя актывісты чакаюць адказу на яшчэ адну заяўку: у Берасцейскага гарвыканкаму просяць дазволу на правядзенне мітынгу на плошчы Свабоды. Акцыя запланаваная на 31 сакавіка. Але адказу на яе яшчэ няма. Затое вядома, што на Дзень Волі на гэтым месцы пройдзе дазволенае ўладамі свята.

ЦЛ, belsat.eu

Стужка навінаў