«За нішто пацана пасадзілі». Што кажуць у вёсцы асуджанага за салідарнасць з Украінаю беларуса?


«Белсат» працягвае сачыць за лёсам Кірыла Сілівончыка, якога шмат хто лічаць палітзняволеным. Грамадзянін Беларусі адбывае пакаранне ў Ніжагародскай вобласці Расеі па абвінавачванні ў закліках да тэрарызму, якое разглядзелі ў ягоных інтэрнэт-пастах салідарнасці з украінскім народам. Нашы калегі наведалі малую радзіму Сілівончыка. Са словаў маці, якая нядаўна наведала Кірыла па месцы зняволення…

НАТАЛЛЯ СІЛІВОНЧЫК, МАЦІ КІРЫЛА:

«Што ні спытаюся, ён адказвае: мама, усё нармальна! Нармальна, дык нармальна. Выглядае нармальна, і дзякуй Богу».

Да сённяшняга дня на радзіме Сілівончыка ў Светлагорскім раёне, у вёсцы Здудзічы, дзе жывуць сваякі і сябры зняволенага, ніхто не верыць, што Кірыл мог здзейсніць злачынства.

ПРАСКОЎЯ, БАБУЛЯ КІРЫЛА:

«Чаго гэтае дзіця так трапіла. Мы ўсе так здзіўленыя».

ІВАН, АДНАКЛАСНІК КІРЫЛА:

«За нішто пацана пасадзілі».

МАРЫНА, АДНАКЛАСНІЦА КІРЫЛА:

«Ён заўсёды добра вучыўся, быў выдатнікам. Ён вельмі любіў гісторыю Беларусі, ведаў яе вельмі добра».

Менавіта нацыянальныя моманты і выклікалі зацікаўленасць расейскіх спецслужбаў. Кірыл Сілівончык на сваіх старонках у сацыяльных сетках адкрыта выказваў сімпатыю ўкраінскаму народу і асуджаў расейскую агрэсію. У прыватнасці, ён заклікаў вярнуць Крым Украіне. Паводле звестак Маскоўскага акружнога вайсковага суда, які паставіў кропку ў справе маладзёна, пад крымінальны пераслед трапіў сказ: «Забівай маскалёў!». Аднак знайсці яго ў інтэрнэце не здолела ні абарона, ні медыі. Імаверна, што да прысуду паводле артыкулу «Публічнае апраўданне тэрарызму ці публічныя заклікі да яго» спрычынілася папросту выява ўкраінскага жаўнера. Але ці можна лічыць гэты рэпост непасрэдным заклікам да тэрарызму? Сумнеўна.

АЛФІРА, АДНАВЯСКОЎКА КІРЫЛА:

«Мне падаецца, што гэта толькі ягоны пункт гледжання. Ён не заклікаў нікога выступаць. Ён жа нікога не заклікаў выходзіць на вуліцу».

Беларус цалкам прызнаў сваю віну. Магчыма, на гэта паўплываў ціск і даволі доўгі побыт у следчым ізалятары. Да затрымання Кірыл Сілівончык жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, дзе працаваў на адным з абаронных прадпрыемстваў. Канчатковы прысуд вынеслі сёлета 9 красавіка. Сёння як самому асуджанаму, гэтак і ягонай сям’і неабходная дапамога. Як вядома, Кірыл інвалід трэцяй групы. Ці можа ён разлічваць на падтрыманне з радзімы? У аддзяленні беларускай амбасады ў Расеі ў Ніжнім Ноўгарадзе такую магчымасць каментаваць адмовіліся. Са словаў маці зняволенага…

НАТАЛЛЯ СІЛІВОНЧЫК, МАЦІ КІРЫЛА:

«Канечне, яму трэба туды пасылаць грошы. Добра, што ён можа хадзіць у краму. Я мушу абавязкова да яго паехаць. Мне вельмі трэба туды з’ездіць. Патрэбныя грошы. Я калі ездзіла першы раз, мусіла пазычыць. У мяне вялікія даўгі. Я разлічваюся, у некага перапазычу».

Пакуль справа Кірыла Сілівончыка не прыцягнула асаблівай увагі беларускіх праваабарончых арганізацыяў. У спіс палітзняволеных беларус яшчэ не трапіў.

НН, belsat.eu

Стужка навінаў