Праз блакаванне «Telegram» кампаніі «Google» і «Amazon» страцяць $ 1 млрд


Гендырэктар кампаніі-рэзідэнта «Сколкава» (расейскі аналаг беларускага Парка высокіх тэхналогіяў) «Flexbby» Андрэй Панамароў паведаміў, што дзеянні «Раскамнагляду» па блакаванню «Telegram» прывядуць да велізарных фінансавых стратаў «Google» і «Amazon».

Паводле ацэнак Панамарова, у выніку блакавання хмарных сэрвісаў «Google» і «Amazon» толькі дзве гэтыя кампаніі да канца 2018 года страцяць каля $ 940 млн. Прыкладна столькі ж страцяць і расейскія кампаніі.

Нагадаем, што 16 красавіка «Раскамнагляд» пачаў выконваць рашэнне Таганскага раённага суда па абмежаванні доступу да «Telegram», які не выдаў ФСБ ключы шыфравання. Месэнджар выкарыстаў для абыходу блакавання «Amazon Web Services», «Google Cloud», «DigitalOcean», а таксама рэсурсы іншых хмарных правайдараў. У адказ на гэта расейскае ведамства ўнесла ў рэестр забароненых сайтаў каля 18 мільёнаў IP-адрасоў.

Віцэ-прэм’ер расейскага ўраду Аркадзь Дварковіч праігнараваў пытанні журналістаў пра патэнцыйныя страты «Google», «Amazon», расейскіх кампаніяў ды блакаванне «Telegram».

«У мяне ўсё працуе», – адзначыў Дварковіч.

Паводле Андрэя Панамарова, сітуацыя з блакаваннем «Telegram» можа быць выгаднай паўдзяржаўнай кампаніі «Растэлэкам», «Яндэксу», «Mail.Ru Group» і «Microsoft», чые хмарныя сэрвісы застаюцца даступнымі ў Расеі.

30 красавіка ў Маскве адбудзецца, дазволеная мясцовымі ўладамі, акцыя пратэсту супраць блакавання «Telegram».

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў