Праз 70 гадоў летняя Алімпіяда можа знікнуць


Праз глабальнае пацяпленне на планеце застанецца толькі сем гарадоў, дзе іх можна будзе праводзіць.

Амерыканскія навукоўцы заявілі, што ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі большасць гарадоў на Зямлі стануць занадта гарачымі для правядзення летніх Алімпійскіх гульняў.

«У большасці гарадоў свету стане настолькі горача, што спартсмены не змогуць спаборнічаць», – кажа Кірк Сміт з Каліфарнійскага ўніверсітэту ў Бэрклі ў размове з «Science alert».

Каманда навукоўцаў вывучыла такія паказнікі як цеплавое выпраменьванне, вільготнасць, тэмпература і магутнасць ветру, і на падставе іх прадказала тэмпературу ў гарадах з насельніцтвам больш за 600 000 чалавек, дзе будзе магчымае правядзенне будучых Гульняў летняй Алімпіяды.

Даследчыкі прыйшлі да высновы, што ў 2085 годзе іх застанецца ўсяго сем: Сан-Францыска, Ванкувэр, Калгары, Улан-Батар, Бішкек, Рыга і Санкт-Пецярбург.

«Стамбул, Мадрыд, Рым, Парыж і Будапешт знаходзіліся ў барацьбе за магчымасць правядзення Алімпіяды ў 2024 годзе, аднак, паводле нашых падліках, гэтыя гарады да гэтага часу будуць занадта гарачымі для правядзення спаборніцтваў. Тое ж датычыцца і Токіа, які будзе прымаць Гульні ў 2020 годзе: праз 70 гадоў гэты горад таксама выпрабуе на сабе ўсе наступствы глабальнага пацяплення і стане занадта гарачым для правядзення Алімпіяды», – кажа Сміт.

Навукоўцы лічаць, што даследаванне ў чарговы раз звяртае ўвагу ўсіх жыхароў планеты на сурʼёзнасць праблемы глабальнага пацяплення. Тым не менш, яны падкрэсліваюць, што іх прагноз – гэта не абсалютная гарантыя. Каб ведаць, ці нашая будучыня будзе выглядаць менавіта так, патрэбныя яшчэ даследаванні, але верагоднасць такога зыходу існуе, і яе неабходна браць пад увагу, сцвярджаюць навукоўцы.

Варта наведаць наступныя Алімпійскія гульні: яны могуць быць апошнімі. NASA ужо пацвердзіла: сёлетні ліпень быў самым гарачым месяцам на Зямлі за ўсю гісторыю назіранняў.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары