Праз 15 гадоў Кыргызстан выведзе са сваёй тэрыторыі расейскую вайсковую базу


Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі 1 снежня заявіў прэзідэнт Кыргызстану Алмазбек Атамбаеў.

«Мы з Расеяй заўсёды будзем стратэгічнымі партнёрамі, але Кыргызстан у будучыні павінен абапірацца і спадзявацца толькі на свае ўзброеныя сілы, а не на базы Расеі, Амерыкі ці іншай краіны. Мы павінны будаваць сваё войска», – заявіў Атамбаеў.

Кіраўнік Кыргызстану дадаў, што пагадненне аб размяшчэнні расейскай авіябазы было падпісанае былым прэзідэнтам краіны Круманбекам Бакіевым у 2009 годзе.

Тэрмін дзеяння дамовы заканчваўся сёлета, але мог быць падоўжаны на 49 гадоў.

«Мы пакінулі толькі на 15 гадоў… Гэта каштавала мне нерваў, гэта не падабалася расейскім міністрам, але па гэтым пытанні я знайшоў разуменне Уладзіміра Пуціна», – адзначыў Атамбаеў.

Абʼяднаная расейская авіяцыйная база «Кант» знаходзіцца ў 20 км ад сталіцы Кыргызстану. База зʼяўляецца авіяцыйным кампанентам Калектыўных сілаў хуткага разгортвання ды элементам сістэмы бяспекі паветранай прасторы членаў АДКБ. На ўзбраенні маюцца штурмавікі Су-25 і верталёты Мі-8.

У 2014 годзе з Кыргызстану была выведзеная амерыканская вайсковая база «Манас» (з 2001 па 2009 авіябаза антытэрарыстачнай кааліцыі). Нагадаем, што Упершыню Атамбаеў прапанаваў вывесці замежныя вайсковыя базы з тэрыторыі краіны яшчэ ў 2012-ым.

Фота: kg.akipress.org

ЮВ, belsat.eu, паводле kg.akipress.org

Стужка навінаў