Правяраць адбіткі пальцаў будуць пры кожным уездзе ў Шэнгенскую зону


З 23 чэрвеня пры афармленні шэнгенскай візы беларусам трэба здаць адбіткі пальцаў. Гэтыя звесткі будуць сапраўднымі прыкладна пяць гадоў, аднак пры кожным уездзе ў краіну Шэнгенскай зоны памежнікі будуць іх правяраць. Вонкавае сканаванне будзе нагадваць зняцце адбіткаў пальцаў для атрымання біяметрычнай візы. Калі нехта адмовіцца – яго развернуць на мяжы.

Як распавёў на прэс-канферэнцыі на памежным пераходзе ў Кузніцы камендант Падляскага атраду памежнай службы Анджэй Рытвінскі, новы парадак дазволіць забяспечыць эфектыўны кантроль на мяжы. Дадзеныя сканавання на працягу 20 секунд патрапяць у адзіную базу ў Страсбургу. Гэта дазволіць праверыць дынаміку выдачы шэнгенскіх візаў чалавеку – ці, напрыклад, ці адпавядае мэта візіту заяўленай, падае «Вечерний Гродно».

«Сканаванне адбіткаў – проста неабходнасць. Дадатковая працэдура не павінна выклікаць дыскамфорт і займаць шмат часу», – мяркуе Анджэй Рытвінскі.

Першыя грамадзяне Беларусі з біяметрычнымі візамі яшчэ не даехалі да мяжы – па-новаму «шэнген» у консульствах сталі афармляць некалькі дзён таму, – аднак на памежных пераходах Падляскага ваяводства ўжо ўсё абсталявана для сканавання. Стацыянарныя апараты ўстаноўленыя на працоўных месцах памежнай варты. Чалавек павінен пакласці левую і правую далоні на апарат, а памежнік убачыць, ці адпавядаюць адбіткі тым, што знаходзяцца ў базе дадзеных сістэмы VIS (візавая інфармацыйная сістэма). Памежнік з дапамогай стацыянарнага або мабільнага сканера зверыць дадзеныя біяметрычнай візы. Калі раней на польскіх памежных пераходах пры праверцы дакументаў не трэба было выходзіць з машыны, цяпер гэта прыйдзецца рабіць кожнаму.

Ёсць і мабільныя сканеры: іх будуць выкарыстоўваць у цягніках, пры праверцы кіроўцаў грузавікоў, у некаторых выпадках – у звычайнай чарзе. У гэтым выпадку скануецца толькі вялікі палец правай рукі.

У выключных выпадках (галоўным чынам, калі ўзнікне вялікая чарга) можа быць дадзена каманда праверыць дакументы як і раней, без сканавання.

Анджэй Рытвінскі адзначыў, што тых, у каго ёсць шэнгенская віза, выдадзеная паводле старога ўзору, новаўвядзенні не закрануць.

Па дадзеных памежнай службы Падляскага ваяводства, да 500 злотых павялічыўся запас грошай, неабходны, каб паехаць у Польшчу. Раней дастаткова было паказаць 300 злотых, каб забяспечыць сваё знаходжанне ў Польшчы.

МЯ, паводле vgr.by

Стужка навінаў