Правілы жыцця ангельскага мастака, які паказаў у Горадні гратэскныя карціны з Пуціным


Пра Нёман, мову, беларусаў і палітычныя карыкатуры разважае Джордж Сміт.

Мастак з Лондану пераехаў у Горадню 10 гадоў таму. Тады ён убачыў Беларусь упершыню, завітаўшы праездам разам з калегамі-мастакамі, каб застацца тут назаўжды. Дачка і трое сыноў па-ранейшаму жывуць на Туманным Альбіёне, а Сміт добра пачуваецца і тут: мае каханую жанчыну-беларуску ды ўтульную студыю-майстэрню на апошнім паверсе старой камяніцы на колішніх гарадскіх валах.

Апошні раз імя Сміта загучала ў медыях два тыдні таму ў сувязі з адкрыццём аўтарскай выставы ў Горадні, на якой былі паказаныя гратэскныя партрэты Пуціна.

Пра палітычную карыкатуру, грошы з карцінаў ды стасункі з ангельскай каралевай мастак распавядае чытачам «Белсату».

Найцяжэйшае – гэта мова. Наагул я маўчу большасць часу, працую ў майстэрні. Тут побач са мной кватэру здымаў студэнт з Лівану – мы з ім гутарылі па-ангельску. На жаль, я не пайшоў вучыцца расейскай, бо думаў, што як буду жыць з носьбітам мовы – хутка вывучу. Але не ўсё так проста: Яніна спрашчае для мяне мову, з’ядае канчаткі, нешта кажа па-ангельску – каб не чуць штохвілінна маё: «Паўтары, калі ласка». Але я стараюся.

Любімае месца ў Горадні – Нёман і яго ваколіцы. Ведаеце, я вырас каля Тэмзы, таму і Нёман мне падаўся вельмі блізкім. Калі шпацырую па горадзе – не па справах, а для асалоды – абавязкова спускаюся да Нёмна.

Карціны з Пуціным – толькі частка палітычнай серыі маіх працаў. У Вялікай Брытаніі ёсць добрыя традыцыі палітычнай карыкатуры, на якую не прынята крыўдаваць. Элементы карыкатуры і гратэску я выкарыстоўваю ў сваіх карцінах. Я пісаў таксама Чэрчыля, Маргарэт Тэтчэр і іншых.

Часам цяжка знайсці краму, патрэбную на дадзены момант у горадзе. Бо калі ў цэнтры збольшага ўсё, што прадаецца, бачна праз вітрыну, то ў іншых частках гораду нічога не зразумела. Разумею, гэта зноў жа праблема мовы.



Хвалі – гэта тое, што вы бачыце на большасці маіх карцінаў. Насамрэч усё проста тлумачыцца, калі сказаць, што я былы настаўнік фізікі. Так, так, пісаць напоўніцу я пачаў толькі калі пераехаў у Беларусь. …А хвалі – гэта энергія ў розных яе праявах. Яна мяне страшэнна захапляе.



Шмат беларусаў ведаюць ангельскую – гэта прыемна. Калі што, пры патрэбе, можна спытацца чалавека з вуліцы. Усе беларусы падаюцца вельмі спакойнымі, нават заціснутымі. Беларусы вельмі шчырыя і добрыя людзі, але такія якасці спазнаюцца толькі калі знаёмішся бліжэй. Ведаю па сваіх сябрах з ліку гарадзенскіх мастакоў.

Я не зарабляю карцінамі. Зрэшты, як і 95 % мастакоў. Так, нешта прадаецца, у Каліфорніі, напрыклад, я маю сваю галерэю. Пры гэтым у асноўным жыву з пенсіі, якую мне плаціць каралева… Колькі плаціць? Гэта наша з ёй таямніца (смяецца).

АК, belsat.eu

Стужка навінаў