Правілы жыцця Мікалая Аўтуховіча


Экс-палітвязень з Ваўкавыску пра страх, выбары, Украіну і справу «Платформы».

З легендарным ваўкавыскім прадпрымальнікам сустракаемся ў ягоным працоўным офісе. На сцяне Пагоня, на стале – кнігі: «Каласы пад сярпом…» Караткевіча ды «Чарвяк» Дашкевіча. Побач рацыя, з якой час ад часу чуваць галасы таксістаў і дыспетчара.

Аўтуховіч цікавіцца, ці будзем фатаграфаваць цягам інтэрвю, пасля чаго выходзіць, каб пераапрануць «працоўную» кашулю ды памыць рукі ад алейных плямаў – праца аўтамеханіка не самая чыстая…

Мікола Аўтуховіч быў заняволены 7 ліпеня 2006 г. на 3 гады і 6 месяцаў з канфіскацыяй маёмасці. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў са стратамі для бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама – у ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці без рэгістрацыі і атрымання ліцэнзіі. 8 лютага 2009 году затрыманы ў другі раз.

У траўні 2010 г. рашэннем Вярхоўнага суда быў прыгавораны да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму за транспартаванне і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі.

У турме Мікалай Аўтуховіч некалькі разоў рабіў замах на сваё здароўе, калі абвяшчаў галадоўкі на знак пратэсту супраць утрымання яго ў турме. Пасля спробы суіцыду ў 2011-м Аўтуховіч напісаў у лісце родным: «Камусьці падабаецца жыць, як у 1937 годзе, але толькі не мне. Крыху прыйшлося адстойваць свой гонар звацца чалавекам, а не жывёлаю. Ну інакш ніяк – не разумелі, не чулі. Яшчэ раз прашу: не турбуйся, не хвалюйся, я моцны, я проста вытрымаю, нават калі адзін буду стаяць супраць зла». У красавіку 2014 г. Аўтуховіч выйшаў на волю.



[vc_single_image image=”4″ img_size=”large”]

Пра справу «Платформы»

Я сустракаўся з Аленай Каспяровіч і Мікітам Ліхавідам. Алена адразу пачала казаць, які Бандарэнка кепскі… Я сказаў, што так нельга, тым больш, калі Андрэй знаходзіцца за кратамі. Хто кепскі, хто не, я не ведаю, але Бандарэнку, лічу, падставілі – гэта відавочна.

Пра ініцыятыўную групу Статкевіча

Я узначаліў ініцыятыўную групу, але працаваць рэальна цяжка. Учора было судовае паседжанне… праз тыдзень чарговае – пра справы фірмы. А спрэчак ўнутры апазіцыі сам не люблю і стараюся, каб іх не вынікала. Наўпрост, калі справа тычыцца ініцыятыўнай групы па вызваленні Статкевіча, без пытанняў. А пад «выбары» мяне падпісваць не трэба, я не хачу ў гэтую гульню гуляць. Без вызвалення палітвязняў – ніякіх выбараў.

[vc_single_image image=”6″ img_size=”large”]

Пра выбары

Ведаеш, мне смешна так… А Лябедзька і Мех зняліся?.. Лябедзька застаўся?.. Глядзі, выбары ўсё адно будуць. Але калі б нікога ад апазіцыі не было – гэта быў бы адзін расклад. Можна было б сказаць, што ўсе кандыдаты тэхнічныя. А цяпер ідуць Караткевіч, Лябедзька… яны фактычна падгульваюць спектаклю, які мы бачым. Навошта?.. Не ведаю.

Я не крытыкую іх моцна, бо не размаўляў асабіста і не ведаю іх пазіцыю. Можа, яны са мной паразмаўляюць, і я пагаджуся, што яны маюць рацыю. Але, вядома, што ўдзел Лукашэнкі сам сабой перакрэслівае ўсе іхныя намаганні. Таму – гэта глупства, я лічу. Калі назіраю за сітуацыяй у краіне, мне падаецца, што людзі хутка будуць казаць «не» – усім палітыкам.

Пра суды

Наконт фірмы і мяне асабіста цяпер ідзе чатыры судовыя працэсы. Яны ж галавы не даюць падняць. Я штодня пішу да поўначы ўсе гэтыя паперкі. Я вывучыў законы па транспарце, санэпідэмстанцыі, фонду сацабароны. Мяне ж хацелі злачынцам зрабіць за «валютныя аперацыі». Знайшлі двух хлопцаў, якія сказалі, што я памяняў 30 тысяч расейскіх рублёў. У судзе пасля адзін з іх прызнаўся, што яго пра гэта папрасілі…

Я бачу, што я правы, я адпісваю, а яны пачынаюць зацягваць час, з нейкіх фармальных прычынаў адмяняюць пастановы, падаюць на новы разгляд, а гэта новыя паперы, новыя выдаткі, хаджэнні… Стаміўся наўпрост. Таму мне сваёй працай няма часу займацца, не кажучы ўжо пра перадвыбарчыя штабы.

[vc_single_image image=”8″ img_size=”large”]

Пра пытанне Лукашэнку

Я хацеў бы Лукашэнку задаць пытанне: чаму прадпрымальнікаў прымушаюць плаціць падаткі, нават калі яны не працуюць? У нас жа ёсць іншыя катэгорыі насельніцтва, якія не працуюць пастаянна і не плоцяць падатку. Напрыклад, калгаснікі, у якіх узімку няма працы. Людзі з прадпрыемстваў, якіх адпраўляюць у вымушаныя адпачынкі, яны ж таксама падаткаў не плоцяць. А чаму мае плаціць прадпрымальнік, які не працуе і не мае на выплату грошай?

Я выходжу з турмы, напрыклад, няма ні капейкі грошай, а мне кажуць: «Заплаці!» Скуль мне іх узяць? Хай Лукашэнка скажа, тады, можа заплачу. Я не ведаю, ці закон дурны, ці чыноўнікі, якія яго інтэрпрэтуюць… Але калі закон неадэкватны – то я адмаўляюся яго выконваць.

Пра афганцаў

За ўвесь час, які я быў у турме, мне пісалі ды падтрымлівалі толькі 2–3 афганцы… У Ваўкавыску нават, з тых хто быў, шмат памерла афганцаў, шмат спілася. Тутэйшыя не пісалі мне, бо ведалі, што небяспечна. І нават калі ўлады папрасілі напісаць супраць мяне адкрыты ліст – яны гэта зрабілі… З кім тут размаўляць?

Канешне, улада з аднаго боку баіцца ветэранаў Афганістану, бо яны больш падрыхтаваныя да любога экстрыму, чым нават тыя, хто толькі што адслужыў. Баявы вопыт – гэта моц. Я лічу, што калі ў арміі дзяржавы ёсць магчымасць трапіць у «гарачую кропку» – трэба карыстацца, бо гэта дадае прафесіяналізму. Так ва Украіне і атрымалася: афганцы наперадзе, а рэшта ў іх вучыцца, пераймае. А нашы афганцы… Калі яны 10 годоў таму не выйшлі супраць, не выйдуць і зараз.

[vc_single_image image=”10″ img_size=”large”]

Пра Украіну

Маю там некалькіх саслужыўцаў… Далёка не ўсе лічаць, што сучасная ўкраінская ўлада ўсё робіць правільна. Але пакуль людзі там робяць адну справу – гэтыя спрэчкі не настолькі відавочныя. Як гэта адгукнецца ў Беларусі? Я чуў, што тыдні 2 таму Лукашэнка сабраў нараду, каб узмацніць мяжу з Украінай. Вядома, чаму гэта робіцца: калі, напрыклад, 150 беларусаў са зброяй вернуцца адтуль на Радзіму, то ўсялякае можа быць. Для змены ўлады не патрэбна шмат людзей на плошчы. Наўпрост, як толькі пральецца першая кроў, усе сілавікі і вертыкаль перакінуцца на бок народу.

Пра хобі

Цяпер часу ні на што няма. Я раней гуляў у вялікі і малы тэніс. У мяне ў хаце ёсць тэнісны стол, калі нехта з гасцей умее – то я заўжды запрашаю. У вялікі тэніс даўно не гуляў, нават не ведаю, дзе ракеткі, кошыкі з мячамі… Пасля канфіскацыяў усё згубілася.

Сёння маё хобі ў тым, каб добра рабіць сваю справу, каб машыны ездзілі прыгожа, каб пасажыры былі ўсім задаволеныя. Часам людзі адмыслова звоняць, каб сказаць: «Дзякуй». Гэта мне прыносіць задавальненне.

Мы, напрыклад, зрабілі ў сябе сацыяльны тарыф для пенсіянераў. То бок калі яны едуць у паліклініку, аптэку або лякарню – паездка каштуе ўсяго 20 тысяч. Таму і званкоў з падзякамі апошнім часам паболела.

Пра прынцыпы

Каб пра чалавека казаць кепска, трэба для пачатку хаця б з ім пра гэта пагутарыць. Каб зразумець: чаму ён гэта робіць? Інакш – нельга крытыкаваць. Казаць пра чалавека кепскае, калі яго няма побач, таксама не патрэбна. Гэта не па-мужчынску. Добрае казаць – можна. Я жыву па такіх прынцыпах і калі нехта на кагосьці нагаворвае «за вочы» я кажу: «Закрый… Будзе ён побач – тады скажаш».

Пра страх

Мне няма чаго губляць, значыць, няма чаго баяцца. Кожны мужык мае адказваць за свае словы і дзеянні. Я такі.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў