Правiлы выжывання падчас тэракту: Уцякай, хавайся, змагайся

video

Тэракт у Санкт-Пецярбурзе асабліва балючы тым, што бальшыня з нас там калісьці была, а нямала з нас маюць знаёмых ці сваякоў.

Але калі паглядзець на статыстыку, 2016 год быў асабліва неспакойны. Найчасцей тэрарысты абіралі самазабойчыя атакі, выкарыстоўвалі выбухоўку ці аўтамабілі. Але былі і гэтак званыя шалёныя стралкі (active shooters). Браць у закладнікі амаль перасталі.

Калі вы робіцеся сведкам тэракту, галоўнае не панікаваць. Пра тое, як кожны з нас можа павялічыць свае шанцы захаваць жыццё, – адмысловы рэпартаж Аліны Коўшык.

З аднаго боку – тэракт у Расеі, з другога – у Францыі ды Нямеччыне. Усё часцей сродак цяжкасці планаваных тэрарыстамі аперацыі пераносіцца бліжэй нашых межаў.

Каментуе Барыс Чыгінінструктар, заснавальнік Антытэрарыстычнага трэнінгу:

«Гэта толькі пытанне часу, калі нешта здарыцца ў нашай ці вашай краіне.

Але ўжо цяпер у Польшчы на мяжы з Беларуссю дзеюць тэрарыстычныя ячэйкі, якія арганізоўваюць фінансавую і лагістычную дапамогу жаўнерам «Ісламскае дзяржавы». Нашыя спецслужбы цяпер манітораць прыблізна 200 такіх асобаў.

Я дакладна не ведаю, як выглядае сітуацыя ў вашай краіне, але гэта міф, што «мы можам спаць спакойна».

Тое, што мы можам рабіць, – гэта падрыхтавацца. Але самы вялікі грэх – ігнараваць небяспеку».

Метро, вакзалы, гандлёвыя цэнтры

Для тэрарыстаў метро ды іншыя сродкі камунікацыі – мяккая і асабліва прывабная мэта.

Анджэй Мрочэкэксперт у тэрарызме, Калегіум Цывітас, Варшава:

«Тэрарысты плануюць аперацыі ў месцах, дзе могуць свабодна дзеяць і дзе іх не так лёгка ідэнтыфікаваць, а не там, дзе службы вельмі актыўныя, моцна кантралююць ды сочаць за падазронымі».

Распазнаць такую асобу даволі складана, бо звычайна тэрарысты імкнуцца зліцца з натоўпам. Аднак нас мусяць занепакоіць супярэчнасці ў адзенні і паводзінах. Напрыклад. Калі нехта ў доўгай вопратцы ў гарачы дзень – можа быць, пад ёю схаваная бронь ці бомба.

«Усё часцей тэрарысты – гэта прафесіяналы. Гэта людзі, якія маюць за плячыма адмысловыя трэнаванні, а нават баявы досвед. Яны думаюць катэгорыямі тактыкі, дзеяць гэтак, каб было як мага болей ахвяраў, куды будуць уцякаць людзі ў момант панікі, дзе эвакуацыйныя шляхі, дзе будуць хавацца ахвяры.

На жаль, калісьці мэты тэрарыстаў былі палітычныя ці рэлігійныя, а таксама забяспечыць найбольшую колькасць гледачоў у медыях, цяпер жа – як мага больш трупаў», – дадае Барыс Чыгін.

Нашае заданне ў такой сітуацыі – ацалець

У крытычнай сітуацыі трэба памятаць простую працэдуру: у перакладзе з ангельскай – уцякай, хавайся, змагайся (run, hide, fight).

Як толькі пабачыш пагрозу – уцякай!

«Калі нельга ўцячы, то трэба схавацца, каб вас не заўважылі, забарыкадаваць памяшканне, дзе вы ёсць.

Вылучыць святло і гук у тэлефоне, але паспрабаваць звязацца са службамі ды паведаміць, дзе вы ёсць і перадаць іншую важную інфармацыю», – прапануе Барыс Чыгін.

Але калі няма іншай магчымасці, паспрабуйце змагацца, і зрабіце гэта эфектыўна. Пры выкарыстанні адпаведнай тэхнікі нават дзяўчына можа абяззброіць моцнага мужчыну.

«Галоўныя нашыя козыры – гэта хуткасць і дыстанцыя да праціўніка, прастор, які мы мусім выкарыстаць, і час рэакцыі. Гэта можа ўратаваць жыццё нам ды іншым асобам. Няпраўда, што мы цалкам бяззбройныя.

У скрайне небяспечнай сітуацыі ў якасці зброі можна выкарыстаць усё, што ёсць пад рукою: крэсла, сметніцу, ключы, торбу, валізку, заплечнік.

Усё, чым можам кідаць і ўдарыць, можа нам дапамагчы ў такой сітуацыі», – дадае эксперт.

Менавіта гэтыя парады могуць дапамагчы ўратаваць нашае жыццё і жыццё нашых блізкіх.

Аліна Коўшык, belsat.eu

Чаму Расея павялічыць свой уплыў на Асада? Чым падобныя Лукашэнка і Пуцін, і што яны схавалі ад нас у Пецярбурзе? Рэвалюцыі ў суседзяў – урокі для беларусаў. Глядзіце ў найноўшым выданні тэлечасопісу «ПраСвет»

Глядзі таксама
Каментары