Праваслаўныя святкуюць Уваскрашэнне Хрыстова – Вялікдзень


Праваслаўныя вернікі ўсяго свету святкуюць сёння галоўнае хрысціянскае свята – Вялікдзень. Святочныя набажэнствы ў гонар Уваскрашэння Хрыстова адбываюцца ўва ўсіх праваслаўных святынях Беларусі.

У ноч на 1 траўня мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі ачоліў велікоднае набажэнства ў галоўнай праваслаўнай святыні Менску – Свята-Духавым кафедральным саборы.

У велікодным пасланні да духавенства і людзей свецкіх мітрапаліт Павел падкрэсліў, што радасную вестку пра ўваскрэслага Хрыста і магчымасць яднання з ім важна падзяліць «з усімі блізкімі і далёкімі», і тады «ў нас саміх і ў навакольным свеце мы ўбачым змены да лепшага».

«Сёння гэта надзвычай неабходна, таму што ў шэрагу краінаў хрысціяне перажываюць ганенні, параўнальныя з тымі, што былі ў раннія вякі хрысціянства, а часта і большыя за іх», – адзначыў кіраўнік Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы.

Ён нагадаў словы патрыярха Маскоўскага Кірылы, які сказаў, што калі сітуацыя ў свеце не зменіцца, то «сляды прысутнасці хрысціянства могуць амаль знікнуць там, дзе яно калісьці зарадзілася і існуе ўжо два тысячагоддзі», таму хрысціяне «мусяць падтрымліваць адзін аднаго ў цяжкі момант, узвышаць свой голас як адзіная святая саборная і апостальская Царква».

«Будзьма ж бясконца дзякаваць Богу за тыя дары, якія мы атрымалі праз прышэсце ў свет ягонага адзінароднага сына. Няхай велікодны трыумф заўсёды жыве ў нашых душах і сэрцах і жывіць іх, няхай гэтай бясконцай радасцю напаўняецца і пранікаецца ўсё наша жыццё. Дабрадатная дапамога Божая няхай спрыяе кожнаму з нас у далейшай працы на славу нашай Царквы, на славу нашай зямной Бацькаўшчыны, на дабро ўсім, хто мае патрэбу ў нашай увазе і клопаце», – заклікаў мітрапаліт Павел.

Паводле апошніх звестак (на 2008 год), больш за 80 % усіх вернікаў у Беларусі – праваслаўныя хрысціяне. Беларускі экзархат Расейскай праваслаўнай царквы сёння прадстаўлены прыкладна 1,5 тыс. прыходаў у 15 епархіях. Чатыры з іх – Менская, Маладзечанская, Барысаўская і Слуцкая – абʼяднаныя ў Менскую мітраполію. Праваслаўных святароў рыхтуюць Менская духоўная акадэмія, духоўныя семінарыі ў Менску і Віцебску, а таксама духоўныя вучэльні (Менск, Слонім). У Беларускім дзяржуніверсітэце працуе Інстытут тэалогіі. У краіне дзеюць звыш 1,1 тыс. праваслаўных святыняў, больш за 100 цэркваў будуюцца.

«Белсат» віншуе праваслаўных хрысціянаў з Вялікаднем і жадае вялікай радасці, цяпла і спакою.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў