Праваахоўнікі зацікавіліся яшчэ адным алігархам: пад ударам бізнес Баскіна


Яўген Баскін, які займае шосты радок у рэйтынгу самых паспяховых бізнесоўцаў Беларусі, мог пайсці «па шляху Чыжа».

Генеральны дырэктар і заснавальнік групы кампаніяў «Сервалюкс», найбуйнейшы ў краіне вытворца мяса птушкі знаходзіцца пад вартай.

Інфармацыю пра яго затрыманне пацвердзілі тры не звязаныя адна з адной крыніцы.

«Не ведаю, што яму інкрымінуюць. Але Баскіна таксама «закрылі», – сказаў адзін з суразмоўцаў.

«Так, ім (Яўгенам Баскіным) зацікавіліся супрацоўнікі праваахоўных органаў. Але канчатковае рашэнне наконт меры перасячэння, паводле маіх звестак, яшчэ не прынятае», – сцвярджае знаёмы бізнесоўца.

«Учора заходзіў у Мінсельгаспрад, там увечары толькі і абмяркоўвалі праблемы ў Баскіна. Кажуць, пайшоў па шляху Чыжа», – кажа трэцяя крыніца.

У КДБ інфармацыю пра затрыманне Баскіна пакуль не пацвярджаюць. Дазваніцца да бізнесоўца не атрымліваецца – ягоны мабільны нумар недаступны.

У «Сервалюксе» учора ўвечары і сёння раніца запэўнівалі, што «у кампаніі ўсё добра, фабрыкі нармальна працуюць». А кіраўнік «знаходзіцца ў камандзіроўцы».

Яўген Баскін – асноўны ўладальнік групы кампаніяў «Сервалюкс» (гандлёвыя маркі «Петруха», «Братья Гриль», «Кувшинка»), якая вертыкальна інтэграваная ў вытворчасць, перапрацоўку і рэалізацыю мяса птушкі, камбікармоў і малака.

НМ, belsat.eu, паводле Tut.by, на фотаздымку Яўген Баскін і Юрый Чыж /ced.by

Стужка навінаў