Праваабаронцы: жыццё палітвязня Міхаіла Жамчужнага пад пагрозай пасля збіцця ў калоніі


Праваабаронцы цэнтру «Вясна» даведаліся , што Жамчужнага збілі ў Горацкай калоніі №9.

Паводле звестак праваабаронцаў, 24 студзеня днём палітвязня пакінулі без аховы і нагляду ў калідоры санчасткі, дзе ён быў збіты іншым асуджаным – у чорных акулярах, вязаных чорных пальчатках і шапцы. Міхаіл Жамчужны быў захоплены нападнікам левай рукой за горла і атрымаў некалькі ўдараў па галаве. Пры гэтым нападнік выказаў пагрозу, што калі сустрэне Жамчужнага ў калоніі – «распусціць на ніткі». Па дадзеным інцыдэнце палітвязень падаў скаргу ў пракуратуру Магілёўскай вобласці.

Таксама праваабаронцы паведамляюць, што 19 студзеня Жамчужнаму далі трое сутак ШІЗА за нібыта выяўлены ў ягонай камеры пыл. Гэта ўжо 18-е спагнанне з часу змяшчэння Міхаіла Жамчужнага ў калонію №9 г. Горкі.

Паводле меркавання палітвязня, адміністрацыя калоніі вырашыла змяніць тактыку, і зараз спагнанні будуць выносіцца не за адмовы ісці ў атрад, сфармаваны са зняволеных з «нізкім статусам», як гэта адбывалася на працягу апошняга паўгоддзя, а за «парушэнне правілаў асабістай гігіены» – будуць прад’яўляцца прэтэнзіі да формы адзення, прыборкі камеры і таму падобнае.

Міхаіл Жамчужны актыўна абскарджвае вынесеныя яму спагнанні. Ён накіраваў ва Упраўленне дэпартаменту выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці скаргу на вынесеныя ў верасні і кастрычніку 2017 года спагнанні: 4 верасня – адзін месяц змяшчэння ў памяшканне камернага тыпу, 10 сутак змяшчэння ў ШІЗА ад 5 кастрычніка, 10 сутак ШІЗА ад 16 кастрычніка і 5 сутак ШІЗА ад 26 кастрычніка. Пададзена таксама касацыйная скарга на рашэнне суда Горацкага раёна, які 23 студзеня адмовіў у задавальненні скаргі на тры спагнанні, вынесеныя Міхаілу Жамчужнаму ў жніўні 2017 года – 7, 10 і 7 сутак ШІЗА. У суд Горацкага раёна пададзена таксама скарга на вынесенае апошняе спагнанне – 3 сутак ШІЗА.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў