Праваабаронцы заклікаюць Парашэнку адмяніць блакіроўку расейскіх сацсетак


Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch патрабуе ад уладаў Украіны адмяніць рашэнне аб блакіроўцы расейскіх сацыяльных сетак «Одноклассники» і «Вконтакте».

Такі заклік апублікаваны на афіцыйным сайце HRW.

Арганізацыя звяртаецца да прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі з патрабаваннем абараніць свабоду выказвання меркавання і распаўсюду інфармацыі ў сеціве. Паводле праваабаронцаў, Парашэнка мусіць адмяніць папярэдні ўказ і дазволіць дзейнасць на тэрыторыі краіны шэрагу расейскіх сайтаў і тэлеканалаў.

«Прыкладам таго, як лёгка Парашэнка ажыццяўляе спробы беспадстаўна ўзяць пад кантроль грамадскі дыскурс» назвала блакіроўку прадстаўнік HRW Таня Купер.

Генеральна сакратар Савету Еўропы Турб’ёрн Ягланд таксама выказаў занепакоенасць сітуацыяй. Паводле слоў Ягланда, забарона інтэрнэт-рэсурсаў супярэчыць прынцыпам Савета Еўропы і разуменню свабоды выказванняў і свабоды прэсы.

Афіцыйна ўказ Парашэнкі ўступіў у сілу ў сераду. Цяпер ва Ўкраіне будуць заблакаваныя «Одноклассники», «Вконтакте», Mail.ru і «Яндекс». Таксама санкцыі прадугледжваюць забарону на вяшчанне і блакіроўку актываў тэлеканалаў РБК, «ТВ Центр», ВГТРК, «НТВ Плюс», ТНТ і «Звезда».

 

КА, belsat.eu

Стужка навінаў