Праваабаронцы: сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі значна пагоршылася


На працягу 2017 года ў Беларусі значна пагоршылася сітуацыя з правамі чалавека ў параўнанні з папярэднім перыядам г.зв. «мяккіх практык», якія распачаліся ў жніўні 2015 г. i скончыліся з пачаткам масавых выступаў «недармаедаў».

Гэта адзначаецца ў штогадовай справаздачы праваабарончага цэнтра «Вясна».

Паводле праваабаронцаў, хваля акцыяў пратэсту, якая пракацілася па многіх гарадах краіны супраць прымянення Дэкрэта № 3, была ўспрынятая ўладамі як сур’ёзная пагроза дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне, што прывяло да пачатку рэпрэсіяў у дачыненні да пратэстоўцаў, актывістаў і лідараў апазіцыі, незалежных журналістаў і праваабаронцаў.

Агулам цягам сакавіка 2017-га тым ці іншым формам рэпрэсіяў было падвергнута больш за 900 чалавек (уключаючы Дзень Волі 25 сакавіка ў Менску). Цягам 2017 года зафіксавана больш за 600 выпадкаў прыцягнення грамадзян да адміністратыўнай адказнасці ў сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў, у больш чым 250 выпадках суддзі прызначалі грамадзянам арышт.

У 2017 годзе беларускія ўлады актыўна практыкавалі і палітычна-матываваны крымінальны пераслед. Паводле інфармацыі ПЦ «Вясна», гэты від рэпрэсіяў ужываўся ў дачыненні да 40 грамадзян. 35 з іх былі затрыманыя 21-24 сакавіка 2017 i ўтрымліваліся пад вартай у СІЗА па справе аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў».

Асобна праваабаронцы звяртаюць увагу на дагэтуль не спыненую крымінальную справу на актывістаў незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, распачатую па ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

За 2017 год праваабаронцы зафіксавалі шматлікія выпадкі пераследу журналістаў незалежных СМІ ў сувязі з ажыццяўленнем імі прафесійнай дзейнасці.

Падкрэслім, што больш за астатніх пацярпелі журналісты «Белсату» – колькасць штрафаў, прызначаных нашым калегам перавысіла 85.

Разам з тым у «Вясне» адзначаюць: да канца года з-пад варты былі вызваленыя практычна ўсе фігуранты раней распачатых крымінальных справаў, а большасць крымінальных справаў была спыненая, што сведчыць пра тое, што знешнепалітычныя і геапалітычныя фактары працягвалі аказваць істотны ўплыў на ўнутрыпалітычную сітуацыю ў краіне, у тым ліку і на сітуацыю з правамі чалавека. Нягледзячы на пагаршэнне агульнай сітуацыі ў краіне ў перыяд вясновых падзей, улады працягвалі прыкладаць намаганні, накіраваныя на працяг дыялогу і нармалізацыю адносінаў з краінамі Захаду.

Цяпер у турмах працягваюць знаходзіцца палітвязні Міхаіл Жамчужны і прызнаны міжнароднай праваабарончай арганізацыяй Amnesty International вязнем сумлення Дзмітрый Паліенка.

Што тычыцца праблемы смяротнага пакарання, нягледзячы на працяг дыялогу з ЕЗ і ПАСЕ і заклікі да ўвядзення мараторыя, на працягу года ў Беларусі працягвалася прымяненне гэтага віду пакарання. У 2017 годзе былі вынесены тры новыя смяротныя прысуды, а адзін быў прыведзены ў выкананне.

Праваабаронцы дадаюць, што беларускія ўлады не імплементавалі рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ па змяненні выбарчага заканадаўства.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў