Праваабаронцы прызналі Зміцера Паліенку палітвязнем


Праваабарончыя арганізацыі Беларусі апублікавалі сумесную заяву, дзе прызнаюць грамадскага актывіста Зміцера Паліенку палітвязнем і патрабуюць яго неадкладнага вызвалення.

Праваабаронцы нагадваюць што падставай для крымінальнага пераследу Зміцера Паліенкі стаў ягоны ўдзел у мірнай акцыі раварыстаў «Крытычная маса» 29 красавіка 2016 г., якая была гвалтоўна спыненая супрацоўнікамі міліцыі.

12 кастрычніка 2016 г. Зміцер Паліенка быў асуджаны па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і па частцы 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў) на два гады з адтэрміноўкай. 7 красавіка 2017 года суд Заводскага раёна г. Менска адмяніў адтэрміноўку і Паліенку адвезлі адбываць пакаранне проста з будынку суду.

«Праваабаронцы ўпэўненыя, што абвінавачванне Зміцера Паліенкі ў дзеяннях гвалтоўнага характару ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі падчас правядзення роварнага прабегу «Крытычна маса», а таксама ў размяшчэнні З. Паліенкам у сацыяльнай сетцы спасылкі на парнаграфічны ролік не знайшлі свайго пацверджання ў судзе і не былі замацаваныя дастатковымі доказамі», – адзначаецца ў заяве.

Заяву аб прызнанні актывіста палітвязнем падпісалі Праваабарончы цэнтр «Вясна», «Беларускі Хельсінкскі камітэт», «Беларуская асацыяцыя журналістаў», «Цэнтр прававой трансфармацыі» і шэраг іншых праваабарончых арганізацый.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў