Праваабаронцы патрабуюць вызваліць 80-гадовага Лапіцкага з псіхіятрычнай больніцы


«14 лістапада стала вядома, што 80-гадовы пенсіянер Аляксандр Лапіцкі быў прымусова накіраваны ў псіхіятрычную больніцу. Падставай для прымусовага лячэння стала ўваходжанне ў законную сілу пастановы суда па крымінальнай справе, распачатай супраць яго», – паведамляе сайт Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Пенсіянер пісаў «абразлівыя лісты»

Падставаю для прыцягнення пенсіянера да крымінальнай адказнасці сталі яго звароты да розных чыноўнікаў, у якіх ён выкарыстаў непрыстойныя выразы. Праваабаронцы звярталі ўвагу на тое, што хоць Лапіцкі дазваляў сабе выкарыстоўваць такія выразы, ён не канкрэтызаваў, на адрас каго канкрэтна яны накіраваныя. Такім чынам, у дачыненні да пенсіянера можна было распачаць адміністрацыйны працэс, але не крымінальны пераслед.

Звароты Лапіцкага тычыліся двух тэмаў. Першая – незаконны, на яго думку, прысуд яго сыну, прызнанаму вінаватым у збіванні сваёй жонкі. Другая – выбух у менскім метро, да якога, на думку пенсіянера, датычныя службовыя асобы, у тым ліку кіраўнік краіны. Гэтыя лісты Лапіцкі таксама публікаваў у сваім блогу.

Паводле пастановы суда Фрунзенскага раёну Мінску, Лапіцкі «ўчыніў грамадска-небяспечныя дзеянні», прадугледжаныя артыкуламі 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 391 (абраза суддзі або народнага засядацеля) КК. Суд пастанавіў адправіць пенсіянера на прымусовае лячэнне.

У сумеснай заяве праваабарончы цэнтр «Вясна» і БХК нагадваюць пра артыкул 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які гарантуе права на свабоду перакананняў і іх выказвання. «Пры гэтым, у мэтах паважання правоў і рэпутацыі іншых асоб, устаноўленыя дапушчальныя абмежаванні гэтага права, аднак гэтыя абмежаванні не павінны звязвацца са службовым становішчам тых асоб, пра якія распаўсюджаныя звесткі або інфармацыя», – гаворыцца ў заяве.

Праваабаронцы пратэстуюць

«Узровень аховы ад замахаў на гонар, годнасць і рэпутацыю асобы шляхам распаўсюджвання абразлівых звестак у службовых асоб дзяржавы, у тым ліку прэзідэнта, пракурора ці суддзі, не павінен быць вышэй, чым у любых іншых грамадзянаў», – гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

«Рашэнне аб прымусовай шпіталізацыі Аляксандра Лапіцкага, на нашу думку, грунтуецца не на рэальным стане яго здароўя і матывах пагрозы, якую ён можа ўяўляць для навакольных ці самога сябе», – заяўляюць адмыслоўцы.

Пры такіх абставінах прымусовая ізаляцыя Лапіцкага «сведчыць пра палітычна матываваны падыход уладаў», а «знаходжанне Лапіцкага ва ўмовах прымусовай ізаляцыі ў псіхіятрычным шпіталі звязанае з абмежаваннем волі чалавека і дазваляе кваліфікаваць яго як палітычнага зняволенага».

Яны патрабуюць вызваліць Лапіцкага з псіхіятрычнай бальніцы і пры неабходнасці забяспечыць яго лячэнне ва ўмовах, не звязаных з пазбаўленнем асабістай свабоды, а таксама «прыняць меры, накіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў».

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў