Былога фігуранта справы «Белага легіёну» Андрэя Бяляўскага вінавацяць у захоўванні патрона


Экс-фігуранта рэзананснай справы падазраюць у захоўванні агнястрэльнага боепрыпаса, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Супраць былога фігуранта справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў (яна ж справа «Белага легіёну», «справа патрыётаў») Андрэя Бяляўскага распачатая крымінальная справа па ч.2 арт. 295 КК РБ (Незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і г.д.). Нібыта, падчас затрымання ў сакавіку ў яго быў знойдзены боепрыпас.

Як паведаміў belsat.eu намеснік старшыні «Вясны» Валянцін Стэфановіч, справа была распачатая 27 лістапада цэнтральным апаратам Следчага камітэту Беларусі. Менавіта ў гэты дзень СК «паставіў кропку» і спыніў крымінальны пераслед усіх фігурантаў справы «Белага легіёну».

Стэфановіч дадаў, што, паводле яго звестак, цяпер Бяляўскі знаходзіцца на свабодзе, яму не была абраная мера стрымання.

Сам Андрэй Бяляўскі пацвердзіў карэспандэнту belsat.eu, што ў дачыненні да яго сапраўды распачатае новае расследаванне.

«Мне патэлефанавалі са Следчага камітэта, запрасілі на гутарку. Я быў у СК сёння – там мяне азнаёмілі з абвінавачваннем за захоўванне патрона. Атрымліваецца, што старую справу «легіёна» закрылі, а адкрылі новую. Дата суду пакуль невядомая», – коратка адказаў Бяляўскі.

***

Паводле неафіцыйнай інфармацыі ад праваабаронцаў, ёсць яшчэ адзін падазраваны ў захоўванні боепрыпасаў з ліку тых, каго падазравалі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.

Мастака-дызайнера з Менску Андрэя Бяляўскага затрымалі 28 сакавіка і абвінавацілі па частцы 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу «Навучанне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках». Адпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе 2 чэрвеня.

У Следчым камітэце сітуацыю пакуль не пракаментавалі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў