Праваабаронцы зладзяць Тыдзень супраць смяротнага пакарання


Пад лозунгам «Смяротнае пакаранне – гэта забойства» беларускія праваабаронцы зладзяць шэраг імпрэзаў, у тым ліку выстава тэматычных плакатаў віленскага мастака Алега Аблажэя і працаў з сусветна вядомага праекта «Death Is Not Justice»; прэзентацыя аўтарскага праекта фотажурналіста Сяргея Балая, прысвечанага сваякам расстраляных; публічныя лекцыі Карэла Шварцэнберга і Тамары Чыкуновай.

Сёлета беларускіх праваабаронцаў сваім удзелам у Тыдні падтрымаюць ганаровыя госці – нястомны змагар за правы чалавека Карэл Шварцэнберг, старшыня Камітэта па замежных справах Парламента Чэшскай Рэспублікі, былы міністр замежных справаў і кіраўнік канцылярыі прэзідэнта Вацлава Гавела, і вядомая праваабаронца Тамара Чыкунова, заснавальніца ўзбекскай арганізацыі “Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў”, чыя дзейнасць адзначаная шэрагам аўтарытэтных прэміяў.

Перы Тыдзень супраць смяротнага пакарання ў Беларусі правабарончы цэнтр “Вясна” зладзіў у 2013 годзе ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, якая распачалася ў 2009 годзе з мэтаю спынення гэтага бесчалавечнага віду кары і далучэння Беларусі да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў. Нашая краіна застаецца адзінаю ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.

МЛ, паводле spring96.org

Глядзі таксама
Каментары