Праваабарончы цэнтр «Вясна» запатрабаваў спыніць ціск на Андрэя Бандарыэнку


Ён змагаўся за правы тых, хто быў па той бок паўсядзённага жыцця, але сам апынуўся за кратамі ды зазнаў ціск на сабе. Цяпер яго абараняюць калегі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» запатрабаваў спыніць ціск на Андрэя Бандарэнку за кратамі ды звярнуўся ў Вярхоўны суд, каб высветліць абставіны справы іншага зняволенага праваабаронцы – Міхаіла Жамчужнага.

Адпаведны зварот цэнтр «Вясна» за подпісам ягонага кіраўніка Алеся Бяляцкага накіраваў у Дэпартамент выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных справаў.

ТАЦЦЯНА РАВЯКА, ПРАВААБАРОНЦА, ПЦ «ВЯСНА»:

«У дадзеным выпадку ідзе размова пра тое, што адміністрацыя Бабруйскай калоніі, а далей і Шклоўскай – яны фактычна распраўляюцца з Андрэем за ягоную папярэднюю праваабарончую дзейнасць, якая, як памятаеце, была звязаная з адстойваннем правоў зняволеных».

Андрэя Бандарэнку, старшыню ўжо зліквідаванай арганізацыі «Платформ інавэйшн», арыштавалі летась у красавіку. Пазней праваабаронцу абвінавацілі ў трох эпізодах хуліганства і прысудзілі да трох гадоў зняволення з улікам амністыі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за збіццё мужчыны ды дзвюх жанчын. На судзе Бандарэнка часткова прызнаў сваю віну, але не пагадзіўся з выстаўленымі яму закідамі. У выніку ўсё хадайніцтвы праваабаронцы ды ягонага адваката адхілілі.

АНДРЭЙ БАНДАРЭНКА, СТАРШЫНЯ «PLATFORM INNOVATION»:

«Я не лічу сябе вінаватым ні ў адным з эпізодаў абвінавачання. Яны ўсе сфабрыкаваныя для таго, каб асудзіць мяне як злоснага хулігана і тым самым паставіць пад сумнеў маю рэпутацыю як праваабаронцы».

Яшчэ аднаго праваабаронцу – заснавальніка той самай «Платформ інавэйшн» Міхаіла Жамчужнага – у ліпені гэтага года асудзілі на шэсць гадоў зняволення, абвінаваціўшы ў наўмысным раскрыцці службовай тайны ды даванні хабару. Падрабязнасці справы Жамчужнага шырокай грамадскасці невядомыя, бо суд праходзіў за зачыненымі дзвярыма. Праваабаронцы ж неаднаразова паведамлялі пра ціск за кратамі на заснавальніка «Платформы».

ЛЕАНІД СВЕЦІК, ПРАВААБАРОНЦА:

«Напрыклад, ён піша, што калі трапіў у Валадарку, то першы раз за 14 месяцаў адсідкі пабачыў тэлевізар. І дазнаўся, што Пуцін ваюе ў Сірыі».

У кастрычніку стала вядома, што пракурор лічыць вЫрак недастатковым і просіць дадаць Міхаілу Жамчужнаму яшчэ адзін год зняволення. У сваю чаргу праваабаронцы звярнуліся ў Вярхоўны Суд, каб атрымаць больш інфармацыі аб прысудзе.

ТАЦЦЯНА РАВЯКА, ПРАВААБАРОНЦА, ПЦ «ВЯСНА»:

«У чым сутнасць абвінавачвання спадара Жамчужнага, каб зразумець, ці звязаны ягоны пераслед з праваабарончай дзейнасцю ці не звязаны»

Яшчэ месяц таму група грамадзянаў звярнулася ў Дэпартамент выканання пакаранняў МУС з патрабаваннем спыніць ціск на Андрэя Бандарэнку і Міхаіла Жамчужнага, якія дзіўным чынам амаль адначасова апынуліся за кратамі. Калі гэтага не адбудзецца, родныя і сваякі праваабаронцаў плануюць звярнуцца са скаргай у Камітэт правоў чалавека ААН.

Віталь Бабін, «Белсат»

Стужка навінаў