Праўладны прафсаюз заклікаў галасаваць за Лукашэнку


Старшыня прафсаюзу «Садружнасць» агітуе за кіраўніка Беларусі і спадзяецца на «канструктывізм» чыноўнікаў, піша belapan.by.

«Усе кандыдаты ў прэзідэнты адлюстравалі ў сваіх праграмах пытанні развіцця бізнесу, што павінна стаць прыярытэтам эканамічнага развіцця краіны. Іншы рэсурс, на мой погляд, вычарпаны. Спалучэнне дзяржаўнага і прыватнага прадпрымальніцтва пры памяншэнні долі дзяржаўнага павінна стаць асновай развіцця краіны», – адзначыў 5 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Менску старшыня прафсаюзу Аляксандр Гаруновіч.

Прафсаюзны лідар нагадаў, што Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, членам якой з’яўляецца «Садружнасць», падтрымлівае кандыдатуру Лукашэнкі на выбарах, якія неўзабаве маюць адбыцца ў нашай краіне.

«Мы прынялі зварот да чальцоў нашага прафсаюзу, да ўсёй бізнес-супольнасці з прапановай падтрымаць праграму прэзідэнта, падтрымаць яго на выбарах. Мы хацелі звярнуць увагу на тое, што эканамічны складнік яго праграмы моцны, як ніколі. І як ніколі ў ёй нададзена ўвага малому і сярэдняму бізнесу, менавіта тым людзям, якія з’яўляюцца чальцамі нашага прафсаюзу, а іх 22 тысячы чалавек», – заявіў Гаруновіч.

Старшыня «Садружнасці» адзначыў, што ўсе праграмы кандыдатаў у прэзідэнты накіраваныя на развіццё бізнесу, але «сёння ў праграмах усіх іншых, акрамя Лукашэнкі, няма механізмаў рэалізацыі гэтых прапановаў».

«Мы падтрымліваем пазіцыю бізнесу па пастанове Саўміна № 666 аб абавязковай санітарна-гігіенічнай сертыфікацыі імпартнай прадукцыі і па ўказе № 222, і па іншых пазіцыях. Чальцы нашага прафсаюзу ў дадзеных выпадках незадаволеныя пазіцыяй дзяржавы, але мы спадзяемся, што канструктывізм, узаемадзеянне дзяржавы, бізнес-супольнасці і прафсаюзаў дазволіць знайсці рашэнне. Таму мы падтрымліваем Аляксандра Лукашэнку», – растлумачыў Гаруновіч.

ЮВ, belsat.eu, паводле naviny.by

Глядзі таксама
Каментары