Хто развесіў жывых пеўняў на школьнай ялінцы? Абаронцы жывёлаў заступіліся за птушак


Раней belsat.eu пісаў пра крэатыўнасць арганізатараў ялінкі для школьнікаў у сярэдняй школе № 1 гораду Гомля.  У якасці цацак на яліну павесілі клеткі з жывымі пеўнямі. Абаронцы жывёлаў намагаюцца пакараць арганізатараў «забавы».

Грамадзяне абурыліся жорсткім зваротам да птушак. Каму і навошта спатрэбілася павесіць пеўняў на ялінку?

Дырэктарка сярэдняй школы №1 гораду Гомля Таццяна Суторма распавяла эколагам-актывістам, што няшчасныя птушкі апынуліся ў клетках «усяго на адзін дзень»:

«У гэты дзень у школе ладзілі мерапрыемства «Ялінка свету». Птушак прывезлі за некалькі хвілінаў да пачатку святочнага канцэрта. І адразу ж пасля павезлі. Я асабіста ні з кім не звязвалася. Ініцыятыва ішла ад Гомельскага абласнога аддзялення “Беларускага фонду міру”».

Прадстаўнікі гомельскага аддзялення«Беларускага фонду міру» не каментуюць здарэння, бо намеснік старшыні, які рыхтаваў «Ялінку свету», знаходзіцца цяпер у адпачынку.

Гісторыя з жывымі цацкамі на ялінцы атрымала шырокі грамадскі рэзананс. Сітуацыяй зацікавіліся і абаронцы жывёлаў. Дырэктарка эколага-культурнай асветніцкай установы «Цэнтр этычных адносінаў да прыроды» Людміла Лагіноўская сумесна з актывістамі па абароне жывёлаў накіравала пісьмовы зварот у Міністэрства адукацыі РБ, Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і Гомельскі гарвыканкам.

«Падобныя дэманстрацыі жывёлаў (у тым ліку птушак) у няволі не выхоўваюць у маладых людзей дабрыню і адказнасць, а толькі прышчапляюць усведамленне таго, што пры жаданні любымі жывымі істотамі можна маніпуляваць пасля ператварэння іх у абʼект для забавак», – адзначаецца ў звароце.

Таксама эколагі заклікаюць забараніць арганізацыю падобных выставаў з удзелам жывёлаў і птушак у межах навучальных устаноў і пакараць кіраўніцтва школы, у сувязі з парушэннем кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Цэнтр этычных адносінаў да прыроды – адзіная ў Беларусі арганізацыя, якая працуе ў сферы экалагічнай этыкі. Пакуль абаронцы жывёлаў не атрымалі адказу ні ад адной інстанцыі, але яны маюць намер дамагацца справядлівасці.

ВД, homel.greenbelarus.info

Стужка навінаў