У Кракаве да 20-га верасня можна наведаць выставу, якая не можа не крануць да глыбіні душы. На экспазіцыі – амаль дзвесце працаў вязняў канцэнтрацыйнага лагеру Аўшвіц.
«Вязням лагеру было забаронена казаць праўду пра Аўшвіц. Гэта датычыла і эсэсаўцаў: ім нельга было рабіць прыватных здымкаў на гэтай тэрыторыі. Таму вязень, што перадаваў лагерную рэчаіснасць у малюнках, рызыкаваў. Яго маглі пабіць, арыштаваць ці нават забіць», – распавядае куратарка выставы Агнешка Серадзка.
Агулам у сховішчах музею – больш за дзве тысячы карцінаў аўтарства вязняў. Сярод іх былі і вядомыя мастакі.
«Вязні выкарыстоўвалі матэрыялы, скрадзеныя з рамесніцкіх майстэрняў, якія ім выдавалі для афіцыйных працаў. І гэтымі матэрыяламі таемна ад лагерных уладаў рабілі малюнкі, што паказвалі праўду пра лагер»», – адзначае Серадзка.
На экспазіцыі – і знакаміты надпіс «Arbeit macht frei», – што вісеў на браме пры ўваходзе ў лагер. Толькі ў адзін бок праз яе перайшлі больш як мільён чалавек, пераважна еўрапейскіх габрэяў.
Марына Вашкевіч