«Працую толькі на цябе». Абвінавачанаму па справе Коржыча маці таксама высылала грошы


Ягор Скуратовіч да затрымання. Фота з асабістага архіву

Маці абвінавачанага сержанта, 20-гадовага Ягора Скуратовіча, не размаўляла з журналістамі ані падчас расследавання крымінальнае справы, ані падчас суду. Сёння яна ўпершыню сустрэлася з журналістамі.

У размове з Tut.by жанчына прызналася, што яе здзіўляе, што нідзе не гучыць, колькі грошай штомесяц яна высылала сыну.

«Чаму пра гэта ніхто не кажа? Ёсць жа картка, па ёй усё можна адсачыць. Я высылала сыну па 100–150 рублёў на месяц. І гэта не лічачы таго, што да яго ездзіла сястра з торбамі, кожны месяц пасылалі пасылку. Маё дзіця ў войску ні ў чым не мела патрэбы», – кажа Іна Скуратовіч.

«Не паспею пераслаць, ён зноў просіць 50 рублёў. Нават казала: выбачай мяне, працую толькі на цябе», – кажа жанчына.

Паводле жанчыны, сын тлумачыў патрэбу ў грошах тым, што вымушаны набываць ежу ў краме, «а там усё вельмі дорага».

«Яшчэ здзіўлялася – ці няўжо не кормяць у сталовай? – кажа спадарыня Іна. – З цягам часу стала аналізаваць гэтыя званкі: Ягор ўдакладняў дату, калі перашлю грошы – быццам хацеў перадаць камусьці гэтую інфармацыю».

Паводле Іны Скуратовіч, яна перасылала сыну грошы да самага затрымання.

Ягор Скуратовіч – адзін з трох абвінавачаных сержантаў па справе Аляксандра Коржыча. Яго вінавацяць у атрыманні хабару і перавышэнні службовых паўнамоцтваў.

21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Печах у кастрычніку мінулага года.

Сваякі кажуць, што хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекаваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самагубства.

Следчы камітэт лічыць, што жаўнера давялі да суіцыду.

ДД

Стужка навінаў