Працоўныя ў Добрушы выклікалі «на дыван» кіраўніцтва


У Добрушы каля 100 працаўнікоў КУП «Добрушскі камунальнік» сабраліся на стыхійны сход ды запатрабавалі размовы з кіраўніком прадпрыемства.

Людзей, што 16 сакавика выйшли з пратэстам, абурыла нявыплата прэміі за люты, якая складае траціну ад заробку. Гэтак замест сярэдніх 300 -350 рублёў працаўнікі атрымалі 200 – 250 рублёў.

«Людзі абураліся, крычалі ледзьве не да дракі дайшло, некаторыя нават плакалі. Была вельмі цяжкая размова», – апісвае сход працаўнік Аляксандр.

Выконваючы абавязкі дырэктара «Добрушскага камунальніка» Мікалай Маскаленка выслухаў прысутных, патлумачыў змяншэнне заробку цяжкой фінансавай сітуацыяй на прадпрыемстве. Ён паведаміў, што «Добрушскі камунальнік» мае запазычанасць па газу 12 млрд. рублёў (недэмінаванымі) за 2016 год, адпаведна рашэнню суду штомесячна мусіць выплочваць 1 млрд. 250 млн пазыкі. Разам з тым, чыноўнік паабяцаў прэмію за люты вярнуць і надалей яе стабільна выплочваць. У адваротным выпадку кіраўнік прадпрыемства паабяцаў пакінуць сваю пасаду.

«Несправядліва, што фінансавыя праблемы прадпрыемства вырашаюць за кошт рабочых, – кажа працоўны Уладзімір. – Дарэчы, у канторы ўсё нармальна, у іх грошы не адабралі. А нам есці няма чаго. І наагул сітуацыя з правамі працоўных кепская ў нас. Працоўны кодэкс не выконваецца, калі складаюцца калектыўныя дамовы працоўных не запрашаюць, сходы не ладзяць, непрыгожа паступаюць.Мы вельмі спадзяемся, што кіраўніцтва стрымае слова і грошы вернуць, бо мы на сходзе паабяцалі начальству, калі не вернуць грошы, яны ўбачаць нас на плошчы перад райвыканкамам з транспарантамі ў руках».

Ларыса Шчыракова, belsat.eu

Стужка навінаў