Працоўны дзень на заводзе – 2 гадзіны. Рабочыя: «Ад нас хочуць пазбавіцца!»


Працаўнікоў прадпрыемства «Гомельскі завод металаканструкцыяў», агулам 70 асобаў, перавялі на чвэрць стаўкі. Штомесяц рабочыя атрымліваюць ад 20 да 70 рублёў.

Як банкрутуе прадпрыемства

«Гомельскі завод металаканструкцыяў»

На «Гомельскім заводзе металаканструкцыяў» абвешчаны прастой. Прадпрыемства ААТ «Гомельаблбуд», у склад якога ўваходзіць завод, знаходзіцца ў стадыі працэдуры банкруцтва: справа разглядаецца ў судзе, на абодва прадпрыемства ўжо завіталі ацэншчыкі. Але кіраўніцтва спрабуе супакоіць працоўных.

«На сённяшні дзень прадпрыемства і гэта пляцоўка не закрываюцца, проста аптымізаваны выдаткі ў сувязі з адсутнасцю заказаў, – каментуе антыкрызісны дырэктар Юрый Драенкоў. – Асноўная задача цяпер – сумесна з уладай, адміністрацыяй Навабеліцкага раёну знайсці аб’ёмы, каб вывесці людзей з прастою, выйсці на рэнтабельнасць і забяспечыць людзей працай. Пра тое каб закрыць прадпрыемства наагул размова не ідзе».

Нягледзячы на рэгулярныя сустрэчы працаўнікоў з кіраўніцтвам заводу і чыноўнікамі з адміністрацыі Навабеліцкага раёну з інфармаваннем пра захады па выхаду з крызісу, канкрэтных адказаў на свае пытанні працоўныя не атрымліваюць і знаходзяцца ў разгубленасці.

Аляксандр Ступіч, працаўнік «Гомельскага заводу металаканструкцыяў»

«Крайнімі зрабілі працоўных, якіх падводзяць да таго каб выгнаць на вуліцу, – упэўнены Аляксандр Ступіч. – У выпадку скарачэння, абяцаюць выплаціць 3-месячны заробак, але апошнія месяцы мы атрымліваем «бруднымі» за прастой каля 40 рублёў. Атрымліваецца, кампенсацыя складзе 120 рублёў. Так усіх людзей малою крывёю яны выганяць і ніхто нічога не дакажа, бо па закону – усё слушна зроблена і людзі застаюцца на вуліцы без сродкаў для існавання. Ты столькі гадоў адпрацаваў, а зараз нікому не патрэбны».

Выбар: купіць харчы ці заплаціць за кватэру

Працаўнікі «Гомельскага заводу металаканструкцыяў»

«Я і мая маці працуем на гэтым заводзе, – кажа Вячаслаў Мацюшкін. – Зараз без працы, уладкавацца на новую працу не можам. Няма чым за кватэру плаціць бо ў нас 0.25 стаўкі, а за кватэру трэба аддаць 100 рублёў, вось і думай – за кватэру аддаць ці ежы купіць. На заводзе, канешне, кажуць, што ўсё наладзіцца, будзе добра, але калі тое будзе – невядома. Час цягнуць, а людзі нікуды не могуць уладкавацца».

«Які сэнс чакаць, яны даюць надзею, але такую маленькую і спадзявацца няма на што» – дадае працаўніца Алена Гамаюнава.

«Гомельскі завод металаканструкцыяў». Сустрэча з кіраўніцтвам

Між тым жыццёвая сітуацыя ў працоўных даволі цяжкая, бо штомесячнай выплаты не хапае каб сябе пракарміць, ды аплаціць камунальныя плацяжы.

«На дадзены момант няма за што хлеба купіць, – скардзіцца Тамара Мажэй і дэманструе свой гаманец у якім некалькі дробных манет, – і працуеш, і дармаед, як кажа Лукашэнка. Безвыходная сітуацыя. На нашыя пытанні, якія нас найбольш хвалююць, у іх няма адказу. Няма ў нас правоў, толькі абавязкі па ўсім дэкрэтам. Мы – ніхто і клічуць нас ніяк».

«Правільная» смерць прадпрыемства

«Гомельскі завод металаканструкцыяў»

Усе працэдуры, паводле Працоўнага кодэксу, выкананы: наймальнік своечасова паінфармаваў працаўнікоў пра істотнае пагаршэнне ўмоў працы, пазначыў прычыну. Працаўнік, у сваю чаргу, меў права зволіцца ці застацца на «працы».

«Насамрэч, выбару ў працоўным няма: калі сысці, ты адразу трапляеш у дармаеды і працу седня цяжка знайсці, – каментуе прававы інспектар прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Леанід Судаленка. – А калі застацца, ты па сутнасці будзеш існаваць, бо тых грошаў, якія табе плацяць ня тое што дзяцей гадаваць, сабе на хлеб не хопіць. Таму які выбар? Няма выбару ў працаўнікоў. У іх ёсць адзінае права – як мага хутчэй аб’ядноўвацца ў незалежныя прафсаюз, які мог бы весці перамовы з наймальнікам. І гэта варта рабіць не тады калі гром грымнуў, а яшчэ раней, трэба было абмяркоўваць што будзе калі здарыцца крызіс, прадукцыя не будзе карыстацца попытам».

Канчатковая рашэнне аб лёсе заводу будзе прынятае ў сярэдзіне жніўня Гомельскім аблвыканкамам.

Ларыса Шчыракова, belsat.eu

Фота аўтара

Стужка навінаў