«Працаваць у Беларусі мне не дадуць», - звольнены за скаргу на кіраўніцтва міліцыянт з Крычава падае ў суд


Пасля службовай праверкі ў дачыненні да крычаўскіх міліцыянтаў Ігара Вусіка і Андрэя Шашкова, гэтыя супрацоўнікі былі звольненыя. Адпаведную афіцыйную заяву апублікавала УУС Магілёўскага аблвыканкаму. «Белсат» высветліў далейшыя планы падпалкоўніка Вусіка, які праслужыў у міліцыі 21 год.

Нагодай для звальнення, паводле ведамства, стаў факт распаўсюду ў медыях інфармацыі без узгаднення з кіраўніцтвам. Такім чынам, Вусік і Шашкоў нібыта парушылі ўмовы кантракту і патрабаванні нарматыўнага акту аб узаемадзеянні са СМІ.

Раней міліцыянты далі інтэрв’ю «Белсату», у якім сцвярджалі: кіраўніцтва прымушае іх выконваць план па злачынствах і нават аддаваць частку заробкаў. Усяго ліст са скаргай на такія ўмовы міністру Шуневічу даслалі 11 супрацоўнікаў міліцыі. Пасля гэтага Шуневіч заявіў, што было выяўленае парушэнне дысцыпліны і ведамасных актаў як з боку кіраўніка райаддзелу, так і з боку «скаржніка Вусіка, які з’яўляецца фігурантам праверкі».

Аднак пра якія-небудзь санкцыі ў дачыненні да начальніка крычаўскага РАУС падпалкоўніка Чупрына звестак няма. Тым часам Вусік і Шашкоў згубілі працу.

«Учора нас проста выклікалі ў РАУС і далі азнаёміцца з загадам аб звальненні, без дадатковых тлумачэнняў. Ведаеце, я не хаваю, што галасаваў за прэзідэнта. Толькі вось ён абяцаў ня даць у крыўду ніводнага выбаршчыка… Пасля звароту да Шуневіча пачаўся ціск. І хаця раней мяне заўжды хвалілі і ставілі ў прыклад, то цяпер, аказваецца, у мяне адмоўная характарыстыка», – распавядае Ігар Вусік.

Вусік праслужыў у міліцыі 21 год, мае званне падпалкоўніка, ягоная праца была прызнаная адной з лепшыя на абласным узроўні.

«Сёння ж я чую ад міністра Шуневіча і ад былога начальніка Чупрына абразы на свой адрас. МУС груба парушыла працоўнае заканадаўства і дысцыплінарны ўстаў. Мой кантракт на 5 гадоў мусіў скончыцца ў наступным студзені, але быў беспадстаўна разарваны. Мы з Андрэем Шашковым будзем абскарджваць нашае звальненне ў судзе, ва ўсіх інстанцыях», – гаворыць Вусік.

У сям’і Вусіка – трое дзяцей, якіх ён мог забяспечыць, працуючы ў міліцыі.

«Працаваць у Беларусі я больш не збіраюся! Мне проста не дадуць. Планамі наконт магчымага пераезду дзяліцца рана, пакуль не магу вам сказаць».

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў