Працаўнікі ЖКГ спілавалі найстарэйшае дрэва ў Горадні

photo

Стары ясень прастаяў у парку Жылібэра больш за дзвесце гадоў.

Дрэва канчаткова знішчанае ў першай палове дня 22 сакавіка: спілаванне і вываз камля заняў у рабочых усяго некалькі гадзінаў. Ясень, як лічаць эколагі з Аграрнага ўніверсітэту, засох яшчэ ў 2008 годзе. З таго часу ў горадзе не сціхалі спрэчкі аб магчымасці стварэння з яго велічнага камля арт-абекту.


Ініцыятыву падтрымала нават гарадское кіраўніцтва, абвясціўшы конкурс на лепшую ідэю ў 2013 годзе. Было прапанавана шмат варыяцыяў, у тым ліку з Аленем св. Губерта ды выразанымі на камлі гістарычнымі датамі. Паводле апошняй інфармацыі, скульптура мела паўстаць напярэдадні сёлетняга Фестывалю нацыянальных культур, які ладзіцца ў Горадні кожныя два гады.

Праект Уладзіміра Качана
Праект Уладзіміра Качана

Ва ўпраўленні культуры казалі, што ясень уключаны ў тытульны спіс аб’ектаў добраўпарадкавання і працы даручаныя гарадскому ўпраўленню ЖКГ ды «Зеленбуду». ЖКГ як замоўца меўся арганізаваць тэндар паміж праектнымі арганізацыямі і падрадчыкамі, узгадніць мастацкія аспекты з абласным экспертным мастацкім саветам…

08

Яшчэ ў лютым 2016 кіраўнік гарадзенскага гарвыканкаму Мечыслаў Гой абяцаў узяць справу пад свой пільны кантроль ды рэалізаваць калі не самы дарагі, то хаця б сярэдні па сродках варыянт помніка. Сталася па-іншаму.

«Драўніна ясеня, як і таполі, наагул вельмі мяккая і нетрывалая. Таму, я не ведаю, ці магла з гэтага ясеня атрымацца скульптура ці арт-абект. Хутчэй, гэта было адцягванне грамадскай думкі ад праблемы масавага засыхання ясеняў у парку Жылібэра пасля рэканструкцыі. Справа ў тым, што гэтае дрэва мае паверхневую карэнную сістэму, якую знішчылі шматлікімі сцежкамі, выкладзенымі пліткай. Таму праблема шырэйшая нават», – тлумачыць эколаг Ігар Лапеха.

Нагадаем, што ясень лічыўся найстарэйшым дрэвам у Горадні, адным з апошніх сведкаў эпохі гарадскога старасты Антонія Тызэнгаўза, які актыўна прыклаўся да развіцця Горадні напрыканцы XVIII ст. Менавіта ў гэты час запрошаны з Францыі батанік Жан Эмануэль Жылібэр заклаў у горадзе парк ды батанічны сад.

АК, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары