Працаўнікі порту «Рэчыца»: Збіраем лісце, заробак – $ 35

video

https://www.youtube.com/watch?v=91v4cR_73PY

Афіцыйна ў Беларусі крызісу няма. Аднак сітуацыя беларускіх прадпрыемстваў штодня сведчыць пра іншае. Незалежныя журналісты наведалі рачны порт «Рэчыца», працаўнікі якога сталі ахвярамі заняпаду арганізацыі. Кіраўніцтва прадпрыемства маўчыць, а працаўнікі не маюць грошай аплаціць самыя неабходныя патрэбы.

«Мы самі тут працавалі. Усё тут працавала. Рабілі баржы, судавозы, параходзікі на экспарт. Усё было выдатна, а цяпер абы што», – узгадвае Раіса, былая працаўніца прадпрыемства.

Апошнія некалькі гадоў тут працуе толькі рачны порт «Рэчыца», які ўваходзіць у структурную сетку прадпрыемства «Беларускае рачное параходства». Як сведчаць апошнія месяцы, порт таксама не здолеў справіцца з крызісам.

«Калі на прадпрыемстве трохдзёнка, то якая можа быць сітуацыя? Трохдзёнка ўжо даўно. Месяцы тры», – дзеліцца працаўнік прадпрыемства.

Са словаў працаўнікоў, заробак у рэчыцкім порце знізілі ажно да Br 700 тыс. Афіцыйна рабочым нічога не тлумачаць. Неафіцыйна вядома, што прадпрыемства даўно не атрымлівае замоваў. Людзі прыходзяць на працу, але займаюцца далёка не тым, чым мусяць. Са словаў тых, хто баяўся размаўляць з журналістамі на камеру…

«Учора збіраў лісце. Сёння яшчэ нешта…», – прызнаецца працоўны порту.

Сітуацыяй працаўнікоў рачнога порту «Рэчыца» зацікавіліся незалежныя прафсаюзы.

«Калі наймальнік не здольны забяспечыць абʼёмамі працы работніка, то гэта называецца прастой. Калі гэты прастой адбываецца не з віны работніка, а з віны наймальніка, які не забяспечвае працай, то наймальнік абавязаны плаціць траціну ад поўнага заробку работніка, а работнік ідзе ў адпачынак на час прастою», – зазначае юрыст Леанід Судаленка, Прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці.

Аднак у Беларусі неахвотна кажуць аб прастоях, а тэма крызісу застаецца пад забаронаю самога кіраўніка краіны. У той жа час у краіне з кожным месяцам расце колькасць стратных арганізацыяў. Толькі паводле афіцыйнай статыстыкі, іх больш за траціну. Рэчыцкі порт на Гомельшчыне толькі адзін з прыкладаў.

«У нас наймальнікі, замест таго, каб прызнаць прастой, яны пераводзяць людзей на людзей на трохдзёнку,, ці, як было на Сейсматэхніцы, на адзін дзень працы», – тлумачыць Леанід Судаленка.

А замест прыбыткаў растуць страты. Дырэктар рачнога порту «Рэчыца» Ігар Дземідзенка адмовіўся каментаваць сітуацыю. Працаўнікі прадпрыемства па-ранейшаму не ведаюць, што чакае іх заўтра.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары