Працаўнікі ГЦ «Еўропа» распавялі аб яшчэ адной пацярпелай ад нападніка


Людзі, якія працуюць у гандлёвым цэнтры «Еўропа» ў Менску, распавялі яшчэ пра адну пацярпелую ў выніку нападу маладзёна з бензапілой і сякерай.

Працаўніца аптэкі на цокальным паверсе цэнтру распавяла, што ўчора да іх прыбегла спалоханая прыбіральніца, у якой была параненая рука. Самі работнікі аптэкі на цокальным паверсе ніякага шуму не чулі, і пра тое, што адбываецца наверсе, не ведалі.

«Яна стала распавядаць пра нейкую сякеру, мы спачатку не паверылі: што за лухту яна вярзе?», – адзначыла працаўніца аптэкі.

Відэа Следчага камітэту з месца здарэння:

Прыбіральніца, якую завуць Ірына, спрабавала выбіць з рук нападніка сякеру, і такім чынам атрымала раненне.

«Яна моцная жанчына, быццам бы спортам раней займалася. Ёй гадоў 40-45. Мы ёй забінтавалі руку, зачыніліся ў аптэцы і сядзелі так яшчэ недзе хвілін 15 ці паўгадзіны», – расказала сведка.

Па словах супрацоўніцы аптэкі, у жанчыны было пашкоджанне мяккіх тканак, костка не была закранутая. Але разрэз быў даволі глыбокім, і працаўніца аптэкі, якая бінтавала руку, параіла зашыць рану.

«Яна ўсё казала пра дызель (электрычку). Мы казалі: які дызель, зараз хуткая прыедзе. Яна была напалохана і шакаваная, вядома», – распавяла відавочца.

Як паведаміла Tut.by іншая прыбіральніца, сёння ейная каляжанка ўдома. Самаадчуванне ў яе нармальнае. У праваахоўных органах пра ейныя траўмы ведаюць.

У Следчым камітэце пацвердзілі інфармацыю пра яшчэ адну пацярпелую. Пра гэта яшчэ напярэдадні згадваў першы намеснік старшыні Следчага камітэту Аляксей Волкаў.

8 кастрычніка ў сталічны гандлёвы цэнтр «Еўропа» увайшоў малады, прыстойна апрануты чалавек. У адной руцэ ён нёс бензапілу, у другі – чахол ад гітары, у якой, як пазней высветлілася, ляжала сякера. Ён завёў бензапілу і напаў на 43-гадовую жанчыну, якая ад атрыманых раненняў загінула. Затым з сякерай ён накінуўся яшчэ на адну жанчыну – 46-гадовая наведніца цэнтру была шпіталізаваная ў рэанімацыю аднаго са сталічных шпіталяў.

Нападніка затрымалі – ім аказаўся 17-гадовы хлопец.

МЯ, паводле tut.by

Стужка навінаў