Працаўнікам пінскага «Палесся» частку заробку выдаюць харчамі


Працаўнікі прадпрыемства паскардзіліся ў пракуратуру на «натуральны разлік», які ініцыявала адміністрацыя.

Як паведамляе тэлеканал «Вараг», пракурорская праверка выявіла, што кіраўніцтва ААТ «Палессе» загадала выдаць часткі заробку натуральнымі прадуктамі. Прычым назвалі гэты дакумент «істотнымі зменамі ўмоваў працы» і прапісалі, што калі работнік не згодзен з такой аплатай, то з ім разарвуць кантракт.

У пракуратуры прызналі загад незаконным і апратэставалі яго. Аднак, для работнікаў ААТ «Палессе» нічога не змянілася – кіраўніцтва прадпрыемства проста перапісала свой загад паводле дзейнага заканадаўства і працягвае выдаваць частку заробку харчамі.

Пінчукі, якія працуюць на трыкатажным камбінаце кажуць, што гэткім чынам заробак выдаюць вось ужо 5 месяцаў. Спачатку гэта былі прадуктовыя наборы на суму 25 рублёў, у якія ўваходзілі грэчка, рыс, тушонка, цукар, макароны, кансерваваныя кукуруза, гарошак і кілька, алей сланечнікавы, мука і маянэз. Прычым кошты на гэтыя прадукты на 30-40 % вышэйшыя, чым у гарадскіх крамах. Потым дазволілі работнікам самім выбіраць якія харчы ім неабходныя, але ж абавязковую суму падвысілі да 35 рублёў.

Чытайце таксама:

ВМ, belsat.eu

Стужка навінаў