Працаўніка СГП «Фрунзэ-Агра» зацягнула ў кормараздатчык: 30-гадовы мужчына загінуў


Працаўнік малочнатаварнай фермы прадпрыемства «Фрунзэ-Агра» у вёсцы Ганчароўка Рэчыцкага раёну ўпаў у кормараздатчык. Ад траўмаў мужчына памёр на месцы.

Як паведаміў старэйшы інспектар Рэчыцкага раённага аддзелу следчага камітэту Віктар Кійко, трагедыя адбылася, калі працаўнік чысціў шнэкі раздатчыка кармоў ад сіласнай масы. Падчас працы 30-гадовага мужчыну зацягнула ў кормараздатчык, бо ён зачапіўся адзеннем за рухомыя элементы.

Старшыня прафкому СГП «Фрунзэ-Агра» Лілія Іванчыкава паведаміла «Белсату», што сведкаў здарэння няма:

«Мы вядзем сваё расследаванне. Але прыйшлі да высновы, што ніхто не бачыў, як ён туды трапіў. Таму чакаем на вынік экспертызы следчага камітэту».

Па выніках праверкі СК будзе прынята рашэнне аб усталяванні вінаватай асобы.

«Следчы камітэт зладзіў на месцы здарэння  следчы эксперымент. Зараз там працуюць інспектары», – распавяла belsat.eu суразмоўца.

Устаноўлена, што загінулы – Уладзімір Куркаёў, 1986 г. н., які працаваў у СГП жывёлаводам. Зранку загадчыца фермы адхіліла яго ад працы, бо мела падставы падазраваць, што мужчына быў нецвярозы. Чаму і як ён трапіў на працоўнае месца пасля адхілення, ніхто з працаўнікоў «Фрунзэ-Агра» не ведае.

За стырном кормараздатчыка быў трактарыст, які не заўважыў жывёлагадоўцу. Крык Куркаёва пачула даярка і спыніла трактар.

ВД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары