Працашукальнікі на кірмашы вакансіяў: Нікому мы не патрэбныя пасля сарака пяці


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/MSD0JrGvXSE”][vc_column_text]У менскім Палацы чыгуначнікаў сёння давалі працу. Гэтае паведамленне аб кірмашы вакансіяў, які арганізаваў Менскі гарвыканкам, прыцягнуў сюды сотні зацікаўленых.

Афіцыйнае беспрацоўе ў Менску за апошні год павялічылася ў чатыры разы. Сярод шукальнікаў працы на сённяшняй імпрэзе былі як беспрацоўныя, гэтак і тыя, хто спрабуе знайсці альтэрнатыву існай нізкааплатнай працы.

Працашукальнікі:

«Цяпер – крызіс. Так што з працай паўсюль напружана. А з падпрацоўкай – тым болей».

«Я нічога не знайшоў. Заробкі маленькія. Паўсюль».

«Мала вопыту, нікуды ня хочуць браць без досведу, а дзе яго ўзяць, калі нікуды не бяруць».

«Нікому мы не патрэбныя пасля сарака пяці».

Каго і за якія грошы гатовыя ўзяць да сябе на працу працадаўцы, прадстаўленыя на кірмашы будаўнічымі, медычнымі, гандлёвымі ды прамысловымі арганізацыямі, мы спыталіся ў іх самых.

ПРАЦАДАЎЦЫ:

«Вакансіі ў нас лекарскія, сястрынскага персаналу. З іншага персаналу трэба санітарачкі, інжынер па ахове працы».

«Больш аплатныя спецыяльнасці – наладчык станкоў і маніпулятар станкоў з праграмным кіраваннем. Мы шукаем пяты-шосты разрад, адпаведна, пяты-шосты разрад атрымлівае 9-10 мільёнаў«.

Мяняць кваліфікацыю, у адпаведнасці з патрабаваннямі рынку працы, шмат якім беларусам перашкаджае мізэрны памер дапамогі беспрацоўным.

ГЕНАДЗЬ ФЯДЫНІЧ, НЕЗАЛЕЖНЫ ПРАФСАЮЗ РЭП:

«Два месяцы ці тры чалавек павінен перавучыцца. Атрымліваць, як мінімум, 50% ад таго сярэдняга заробку на мінулым працоўным месцы. І тады, калі патрэбныя маляры, будуць маляры. Калі штукатуры, то перавучацца на штукатураў».

Беларускае заканадаўства, дарэчы, такую сістэму прадугледжвае, але толькі ў тэорыі. На практыцы максімальны памер месячнай дапамогі беспрацоўнаму абмежаваны дзвюма базавымі велічынямі. На сённяшні дзень гэтая сума складае 360 тысяч рублёў. Паводле законапраекту «Аб занятасці», які цяпер на разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў, налета аб’ём дапамогі беспрацоўным плануецца пакінуць ранейшым, а тэрмін яе атрымання збіраюцца скараціць удвая – да 18-ці месяцаў.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў